Каардынацыйная рада трэцяга склікання, абраная падчас галасавання 25-27 траўня, яшчэ ні разу не збіралася, але ўжо стала арэнай гарачых дыскусій паміж аб’яднаннямі, якія прайшлі туды. Ужо выразна відаць падзел на большасць і меншасць, на “ўладу” і “апазіцыю”.
Прадметам апошняй спрэчкі стаў прыняты летась рэгламент працы КР, які, паводле сцвярджэння найбуйнейшай кааліцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” (28 месцаў з 80), прыпынены рашэннем большасці дэлегатаў (48 з 75 тых, хто прагаласаваў).
“Позірк” выслухаў галасы “за” і “супраць”.
“Натуральны працэс эвалюцыі”
Тое, што адбываецца ў Каардынацыйнай радзе (КР) — натуральны працэс яе эвалюцыі, які “сустракае супрацьдзеянне з боку архітэктараў КР-2”. Такое меркаванне ў каментары “Позірку” выказаў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, лідар кааліцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” Павел Латушка, каментуючы ініцыятыву свайго аб’яднання аб прыпыненні дзеяння рэгламенту КР.
“І гэта таксама нармальны працэс, калі меншасць крытыкуе палітыку, якая праводзіцца новай большасцю. У любым выпадку змены ў рэгламент будуць зацвярджацца ў КР. Мы паважаем працэдуры і юрыдычныя нормы і адзначаем, што прыпыненне і змяненне нарматыўна-прававых актаў — гэта два розныя юрыдычныя дзеянні”, — адзначыў палітык.
Паводле яго слоў, большасць дэлегатаў КР прагаласавала за прыпыненне рэгламенту. Гэта звязана з тым, што КР трэцяга склікання “сфармаваная шляхам прамых дэмакратычных выбараў і з’яўляецца цяпер шмат у чым палітычным органам”, дзе прадстаўлены палітычныя спісы са сваімі праграмамі і “вызначанай колькасцю мандатаў”, лічыць Латушка.
“Архітэктура КР другога склікання стваралася пад орган, які складаецца з дэлегатаў вялікай колькасці разрозненых НДА, якія ўжо ўнутры стваралі фракцыі для сваёй працы”, — сказаў лідар кааліцыі.
На ягоную думку, пасля выбараў “частка ключавых пунктаў рэгламенту не адпавядаюць існым рэаліям і працы менавіта абранага органа”.
“Напрыклад, мінімальная колькасць людзей для стварэння фракцыі — дзевяць. Такім чынам, спісы з менш чым дзевяці чалавек не змогуць быць прадстаўленыя ў адным з кіруючых органаў КР — радзе фракцый, — звярнуў увагу палітык. — І наша кааліцыя тут адстойвае не свае інтарэсы, а наадварот, інтарэсы спісаў, якія атрымалі менш за дзевяць мандатаў. Нават у выпадку змяншэння неабходнай колькасці чалавек для стварэння фракцыі да шасці спіс “Хопіць баяцца!” не зможа самастойна рэалізоўваць сваю праграму, хоць і пераадолеў выбарчы парог у 3%”.
Латушка патлумачыў, што яго кааліцыя прапанавала прыпыніць дзеянне існага рэгламенту, каб “забяспечыць паўнавартаснае і канструктыўнае абмеркаванне рэгламенту КР з удзелам усіх дэлегатаў, якія атрымалі мандат, і забяспечыць удзел усіх спісаў у выпрацоўцы рашэння”.
“Разам з гэтым мы падтрымліваем ініцыятыву спісу “Моладзевы наступ” стварыць працоўную групу па працы з рэгламентам КР для яго змены і павышэння эфектыўнасці працы гэтага органа парламенцкага тыпу, а не пляцоўкі часовых аб’яднанняў розных НДА”, — падсумаваў Латушка.
“Агрэсіўныя змены ўмоў”
Спроба прыпыніць дзеянне рэгламенту КР з ініцыятывы “Каманды Латушкі і Руху “За Свабоду” — гэта агрэсіўныя змены ўмоў гульні “пад сябе”, заявіў у каментары “Позірку” лідар “Блок Пракоп’ева — Ягорава” ў новым складзе КР Андрэй Ягораў.
На яго думку, галоўная норма, якая турбуе ініцыятараў, — застацца і ў КР, і ў Аб’яднаным пераходным кабінеце “з двума мандатамі”, паколькі Латушка з’яўляецца намеснікам Святланы Ціханоўскай у АПК. “Для гэтага ладзяць увесь гэты цырк па адмене рэгламенту, хоць можна дамовіцца з любой іншай фракцыяй і неяк гэтае пытанне абмеркаваць, таму што няма крытычнага супрацьстаяння з гэтай нагоды”, — падкрэсліў Ягораў.
“Калі метафарычна: тое, што цяпер адбываецца ў Каардынацыйнай радзе — гэта як калі б у футбольную каманду прыйшоў вельмі круты гулец і яму па правілах трэба біць 11-метровы, але ён баіцца яго прабіць, не ўпэўнены ў сабе, гульня вельмі важная. І кажа: а давайце мяняць правілы! Я як бы самы важны, таму давайце памяняем для мяне спецыяльна правілы на час, і я буду біць пяціметровы”, — апісаў сітуацыю суразмоўца.
На ягоную думку, не зусім зразумела, “навошта гэта рабіць”. Ягораў мае адно тлумачэнне: мэта не ў змене рэгламенту, а ў “яго прыпыненні, што наогул з’яўляецца прававой інавацыяй вышэйшага парадку”.
“Гэта значыць спыняюцца нормы рэгламенту, замест іх уводзяцца новыя нормы, але, паводле трактоўкі блока Латушкі, гэта не з’яўляецца змяненнем рэгламенту, не патрабуе 2/3 галасоў і можа быць прызнана простай большасцю. І ўсё гэта праз тое, што ў кааліцыі, якая склалася вакол Паўла Латушкі, 53 галасы, а не 54, якія патрабуюцца для змены любой нормы рэгламенту”, — мяркуе Ягораў.
Суразмоўца ўпэўнены ў наяўнасці альтэрнатыўных варыянтаў: можна дамовіцца з фракцыямі меншасці, прапанаваць ім пасаду віцэ-спікера “ці яшчэ нейкія варыянты звычайных парламенцкіх перамоваў”.
“Навошта гэта рабіць так неэстэтычна, навошта ламаць усё ў такой манеры? Ці гэта жаданне проста ўсё кантраляваць у КР і ні з кім не дзяліцца? Усё ж КР — калектыўны орган, трэба ўлічваць розныя інтарэсы, прадастаўляць нейкія магчымасці ў тым ліку меншасці”, — перакананы лідар дэ-факта апазіцыйнай фракцыі.
Ягораў мяркуе, што ў далейшым большасцю галасоў могуць быць уведзеныя часовыя правілы, “згодна з якікі ўсе рашэнні зноў жа прымаюцца той жа большасцю”. “Цяпер плануецца выбіраць спікера і віцэ-спікера без новага рэгламенту, што мяне ўражвае”, — сказаў ён.
“Я не разумею, баіцца Павел Паўлавіч Латушка ці не ўмее дамаўляцца. Не ведаю, што з’яўляецца прычынай такіх паводзін”, — заявіў суразмоўца.
14 чэрвеня тэлеграм-канал “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” паведаміў, што на галасаванне агульнага сходу КР была вынесеная прапанова прыпыніць дзеянне рэгламенту ад 2 сакавіка 2023 года.
“За яго прыпыненне прагаласавалі 48 дэлегатаў з 75 тых, хто прагаласаваў, што складае абсалютную большасць дэлегатаў”, — гаварылася ў паведамленні.
У сваю чаргу спіс “Блока Пракоп’ева — Ягорава” паведаміў 17 чэрвеня ў сваім тэлеграм-канале, што “рашэнне па прыпыненні дзейнага рэгламенту КР не знайшло неабходнай падтрымкі”.
“У галасаванні ўзялі ўдзел 75 дэлегатаў. “За” прагаласавала 48 дэлегатаў, што менш за 2/3 галасоў, неабходных для дзеянняў па змене рэгламенту, — гаварылася ў заяве блока. — Такім чынам, рэгламент КР застаецца ў сіле, і дзейныя члены АПК павінны да 26 чэрвеня вызначыцца, якую пасаду яны за сабой пакідаюць — у Каардынацыйнай радзе або ў АПК”.
Першае пасяджэнне КР-3 прапануецца правесці 20 чэрвеня.
Па выніках электаральнай кампаніі ў структуру абрана 80 дэлегатаў, якія прадстаўляюць 8 блокаў: “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” (28), “Блок Пракоп’ева — Ягорава” (13), “Еўрапейскі выбар” (8), “Незалежныя беларусы” (8), “Моладзевы наступ” (8), “Воля” (6), “Наша справа” (6) і “Хопіць баяцца!” (3).