Мінск 19:23

“Беларускае культурніцкае кола увесь час звужалася”. Чаму Маляваныч пакідае Грузію

Фота: "Белсат"

24 чэрвеня ў акцёра і тэлевядучага Аляксандра Ждановіча — добра вядомага як Маляваныч — адразу дзве ўрачыстасці. Яму спаўняецца 60 гадоў, і ён ладзіць у Тбілісі развітальную літаратурна-тэатральную вечарыну.

Анансуецца, што на імпрэзе Маляваныч “пачытае вершы, свае новыя казкі, падзеліцца планамі”. “Дарослым, якія калісьці былі дзецьмі”, абяцана акунанне ў “атмасферу гульні і фантазіі”.

“Позірк” вырашыў не чакаць вечара і звярнуўся да акцёра з пытаннямі аб растанні з Грузіяй і далейшых жыццёвых і творчых планах.

— Так, я планую ў хуткім часе пакінуць Тбілісі, дзе пражыў два з паловай гады, — адзначыў Аляксандр Ждановіч. — [На развітальнай вечарыне] хочацца яшчэ раз паглядзець у вочы ды паабдымацца з беларусамі і беларускамі, якія падзялялі са мной гэты час радасці і нягоды нашага жыцця. У мяне з’явілася тут шмат сяброў. І сярод грузінаў таксама. На вечары распавяду пра невядомыя старонкі свайго жыцця. Упершыню прачытаю некаторыя свае казкі для дарослых і дзяцей.

— Наколькі цяжкім было рашэнне пакінуць Грузію? І чым яно выкліканае?

— Рашэнне саспявала даўно. Зрабіць гэты крок раней мяне стрымлівала сімпатыя да Грузіі і яе людзей. Але, на жаль, культурніцкае беларускае кола тут увесь час звужалася. Знайсці, з кім запісваць новыя відэа і ладзіць іншыя праекты, [цяпер] ужо практычна немагчыма.

Дзе плануеце жыць далей? Краіна, горад?

— Яшчэ да вымушанага ад’езда з Беларусі я думаў толькі пра Польшчу. З гэтай краінай мяне шмат што звязвае.

На пачатку 90-х гадоў разам з акцёрамі мінскага Рускага тэатра я ўдзельнічаў у сумесным беларуска-польскім праекце. Вядомы кракаўскі рэжысёр Кшыштаф Ясіньскі, стваральнік тэатра STU, паставіў у нас спектакль “Вар’ят і законніца” паводле п’есы Станіслава Віткевіча. З таго часу мы засябравалі з акцёрамі гэтага тэатра. Шмат разоў выступалі разам у Кракаве, у іншых гарадах. Магчыма, у мяне адбудзецца стажыроўка ў кракаўскім тэатры STU.

Але выбар горада для жыцця і працы ўсё ж выпадае на Варшаву. Перш за ўсё з прычыны таго, што гэта асноўны цэнтр беларускага культурніцкага жыцця.

Да таго ж маю гонар быць добра знаёмым з мэтрам польскага кіно Кшыштафам Занусі, з якім таксама рабіў разам спектакль і маю надзею часцей бачыцца ў Варшаве.

— Па Грузіі будзеце сумаваць?

— Я пакідаю Грузію са шчымотай. Мне дыхалася тут лёгка і вольна. Гэтая краіна дазваляла заставацца самім сабой, дзялілася сваёй прыгажосцю, дзіцячай бестурботнасцю.

Грузія — неверагодная краіна. Краіна кантрастаў. Хтосьці яе цалкам не прымае, а кагосьці яна “не адпускае” ніколі. У маім жыцці яна застанецца назаўсёды!

— Жывучы ў Тбілісі, вы рэгулярна гастралявалі — выязджалі ў тую ж Польшчу, нават у ЗША. Ці плануеце новыя праекты?

— Ёсць некаторыя дамоўленасці, планы і надзеі. Але ў пэўным сэнсе я еду ў невядомасць. Еду з амбівалентным пачуццём надзеі і хвалявання.

Са мной застаецца тое, што я ўмею, у чым запатрабаваны. Праца з дзецьмі, [праект с казкамі на ютуб-канале] “Бэйбус”, батлейка. Ёсць, канешне, новыя ідэі, якія мару ажыццявіць. Але разумею, што будзе складана.

— Як вам увогуле эміграцыя? Прызвычаіліся?

— Адкажу нечакана: пры ўсіх нягодах эмігранцкага жыцця я ні пра што не шкадую. Тут сустрэў шмат новага. Новых сяброў, новы жыццёвы і прафесійны досвед, які ніколі не адбыўся б, калі б усе заставалася як было.

Гляджу ў будучыню, як дзіцёнак. 60 — гэта толькі лічба. Увесь фокус, куды паставіць 0. Мне падабаецца вось так: 06. Усе толькі пачынаецца!

Аляксандр Ждановіч працаваў у Беларусі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Максіма Горкага (Рускі тэатр), з 1996 года вёў перадачу “Калыханка” на тэлебачанні.

Увосень 2020 года быў арыштаваны на 9 сутак за ўдзел у адной з пратэстных акцый. У 2021-м звольнены з Рускага тэатра. На пачатку 2022-га, калі ім зноў зацікавіліся сілавікі і пачалі выклікаць на допыты, эміграваў у Грузію.

Падзяліцца: