Мінск 16:07

“Імітацыя кропкавай наладкі”. Навошта Нацбанк падвышае стаўкі

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

Праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне аб павышэнні з 17 ліпеня на 0,5 працэнтнага пункта стаўкі па крэдыце овернайт — з 10,5% да 11% гадавых). Акрамя таго, паведаміла прэс-служба рэгулятара, з 1 жніўня будзе павялічаны нарматыў адлічэнняў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у фонд абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце — з 18% да 20%.

У Нацбанку лічаць, што прынятыя рашэнні “будуць садзейнічаць падтрыманню цэнавай і фінансавай стабільнасці”, а таксама “нададуць дадатковы імпульс працэсам дэвалютызацыі беларускай эканомікі”.

Львоўскі: Ідзе барацьба паміж умоўным урадам і ўмоўным Нацбанкам

“Напрамак прынятага рашэння — правільны, дакладны, але не зусім дастатковы, — сказаў у каментары “Позірку” акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі. — Хутчэй за ўсё, зараз трэба значна больш узмацняць манетарную палітыку”.

Паводле слоў эксперта, у Беларусі ўжо назіраюцца “сур’ёзныя праблемы з эмісіяй”, а таму “трэба нешта падкручваць, каб ахалоджваць перагрэтую эканоміку”.

Паведамленні аб тым, што за два кварталы аб’ём выдадзеных крэдытаў вырас на 40%, суразмоўца назваў “нездаровымі скачкамі”, якія сведчаць аб “незбалансаваным росце эканомікі”.

Цяпер, як выказаўся эксперт, ідзе барацьба паміж умоўным урадам і ўмоўным Нацбанкам.

“Першы лічыць, што трэба больш друкаваць грошай і выдаваць іх насельніцтву ў выглядзе крэдытаў, каб стымуляваць эканоміку. Другі ж бачаць і разумее, што ўжо ўсё прастымулявана, таму далейшы працяг такой мяккай манетарнай палітыкі будзе толькі павялічваць патэнцыйныя рызыкі”, — патлумачыў прадстаўнік BEROC.

Рэгулятар, паводле яго слоў, спрабуе “закручваць пакрысе гэты [грашовы] кран”.

“Патэнцыйнай рызыкай” эксперт назваў сітуацыю, калі “ўсе спачатку набяруць крэдытаў, а потым не змогуць іх вярнуць”.

Раманчук: Нацбанк павінен рабіць выгляд, што ўсё пад кантролем

Не бачыць нічога экстраардынарнага ў прынятых рашэннях і кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.

Ён зазначае, што цяпер стан гандлёвага балансу Беларусі “дастаткова ўстойлівы”, тым больш “у кантэксце таго, што Расія пакуль застаецца крэдыторам і інвестарам апошняй надзеі”.

Эканаміст лічыць, што Нацбанк “павінен рабіць выгляд, што ўплывае на многія працэсы і ўсё ў яго пад кантролем”.

“Лукашэнка любіць кантроль — ну вось вам, калі ласка. На наступнай сустрэчы з ім кіраўнік Нацбанка Павел Калаур зможа сказаць, што рэгулятар разгледзеў пытанні і прыняў неабходныя меры, — выказаў меркаванне Раманчук. — Гэта імітацыя кропкавай наладкі, калі ўсе разумеюць, што ўсё залежыць ад існуючай сітуацыі не столькі ўнутры краіны, колькі звонку”.

Крэдытныя рызыкі — прагноз неспрыяльны

У летнім прагнозе эксперты Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця адзначылі верагоднасць узмацнення крэдытных рызык у банкаўскім сектары ў выпадку росту пазыковай нагрузкі прадпрыемстваў.

“У сітуацыі далейшага пагаршэння фінансавага становішча арганізацый і скарачэння аб’ёмаў вытворчасці пры рэалізацыі негатыўных шокаў можа назірацца павелічэнне даўгавога цяжару прадпрыемстваў як фактару росту неабслугоўваных актываў банкаў”, — гаворыцца ў прагнозе.

Паводле звестак Нацбанка, запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 чэрвеня 2024 года склала 54 млрд 190,8 млн рублёў.

Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што актуальная сума пазык на 3,4% большая, чым на 1 студзеня 2024 года (52 млрд 394,8 млн), і на 15,6% перавышае запазычанасць, зафіксаваную 1 чэрвеня 2023-га (46 млрд 860,9 млн).

Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах склала 126,7 млн рублёў (6% у гадавым вымярэнні; -40,5% з пачатку гэтага года).

Падзяліцца: