Мінск 21:19

За пяць гадоў пагалоўе буйной рагатай жывёлы знізілася на 4%

Крыніца: pexels.com

15 чэрвеня, Позірк. На 1 жніўня 2024 года ў Беларусі налічвалася 4 млн 84,5 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы (БРЖ: каровы, быкі, цяляты і інш.) — на 2,8% менш, чым на тую ж дату 2023-га (-116,9 тыс.), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У параўнанні з 1 жніўня 2019 года пагалоўе буйной рагатай жывёлы зменшылася на 172,1 тыс. (-4%).

У краіне на справаздачную дату было 1 млн 391 тыс. кароў. У гадавым вымярэнні іх пагалоўе знізілася на 9,1 тыс., або на 0,6%, у пяцігадовым — на 39 тыс. (-2,7%).

Свіней налічвалася 2 млн 311,6 тыс. (-42,7 тыс., -1,8%; -237,7 тыс., -9,3% адпаведна), птушкі — 48 млн 925,9 тыс. (+6 млн 54,4 тыс., +14,1%; +1 млн 991,5 тыс., +4,2%).

На семінары-нарадзе аб развіцці жывёлагадоўлі 22 верасня 2023 года ў Салігорску (Мінская вобласць) Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падзеж вырас у 53 раёнах, у 14 перавысіў узровень у 1,5 раза. У Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці, сказаў ён, падзеж павялічыўся амаль у 3 разы, у Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці — у 4.

У асобных сельгасарганізацыях жывёлу ўтрымліваюць у антысанітарных умовах, адсутнічае падсцілачны матэрыял, не своечасова прыбіраецца гной, не выконваюцца рацыёны кармлення і тэмпературны рэжым, канстатаваў Лукашэнка. Тады ён падкрэсліў, што гэта “апошняе папярэджанне”: “Прымайце рашэнні і дзейнічайце. Дзе старшыні райвыканкамаў? Да гэтага звяна мы вернемся прынцыпова і сур’ёзна. Старшыняў райвыканкамаў за губернатарамі наогул не відаць”.

У сакавіку 2019 года ён зладзіў “кадравую чыстку” падчас наведвання аграхолдынга “Купалаўскі” ў Магілёўскай вобласці. Умовы ўтрымання жывёлы ён параўнаў з Асвенцымам — нацысцкім лагерам смерці на тэрыторыі Польшчы ў гады Другой сусветнай вайны.

У 2022 годзе, паводле інфармацыі МУС, было ўзбуджана 480 крымінальных спраў, звязаных з утойваннем падзяжу, на 1 снежня 2023-га — 205, што склала траціну агульнай колькасці эканамічных злачынстваў у аграрнай сферы.

На прэс-канферэнцыі ў Мінску 25 чэрвеня гэтага года намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук заявіў, што большасць злачынстваў у сферы аграпрамысловага комплексу звязана з “утойваннем падзяжу буйной рагатай жывёлы і крадзяжамі”.

“Сотні работнікаў АПК прыцягнутыя да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці. Па ўтойванні падзяжу жывёлы узбуджаны шэраг крымінальных спраў. Напрыклад, у 2023 годзе 118 крымінальных спраў прайшло праз суд… Шасці асобам прызначанае пазбаўленне волі. За студзень — травень гэтага года праз суды прайшло 36 спраў у дачыненні да 54 асоб. васьмі работнікам прызначана пазбаўленне волі”, — паведаміў прадстаўнік нагляднага органа.

Паводле яго слоў, сярод асуджаных — службовыя асобы дастаткова высокага рангу (старшыні выканкамаў і першыя намеснікі старшыні, якія з’яўляюцца кіраўнікамі ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы).

“Замест таго, каб належным чынам арганізоўваць працу гэтай галіны, яны сталі на шлях утойвання аж да ўказання падначаленым кіраўнікам гаспадарак аб утойванні падзяжу жывёлы і прадстаўленні падробленых звестак”, — рэзюмаваў Стук.

Падзяліцца: