Мінск 07:44

Беларусаў да асцярожнасці з-за паводак у Еўропе заклікала толькі амбасада ў Аўстрыі

16 верасня, Позірк. Большасць беларускіх амбасадаў у краінах Еўропы, якія пацярпелі з-за маштабнай паводкі, не звярталіся да беларусаў з перасцярогамі. Да асцярожнасці заклікала толькі дыппрадстаўніцтва ў Аўстрыі.

На сваёй станіцы ў сацсетцы “Х” (“Твітар”) амбасада заклікала грамадзян Беларусі ў сувязі з паводкамі ў Аўстрыі і Славакіі (дыпмісія прадстаўленая па сумяшчальніцтве) “праяўляць асцярожнасць і ўважліва прытрымлівацца ўказанняў мясцовых уладаў і выратавальных службаў”.

Амбасады Беларусі ў Чэхіі, Польшчы, Румыніі, Малдове і Германіі, а таксама Міністэрства замежных спраў, як паказаў праведзены “Позіркам” аналіз афіцыйных сайтаў і сацсетак, да суайчыннікаў не звярталіся. Знешнепалітычнае ведамства толькі перапосціла на сваю старонку ў “Х” вышэйзгаданае паведамленне амбасады ў Вене.

Прадстаўніцтва па транзіце ўлады Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) увечары 15 верасня заявіла аб адкрыцці кантактнай лініі для беларусаў “у сувязі з надзвычайным становішчам у шэрагу рэгіёнаў Польшчы, выкліканым паводкай” (чат-бот @nau_by_bot).

Кіраўнік гэтага прадстаўніцтва, намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка звярнуўся “да ўсіх з просьбай быць салідарнымі і надаваць дапамогу адзін аднаму, бо абсалютная большасць беларусаў у Польшчы не можа разлічваць на падтрымку з боку амбасады і консульстваў рэжыму”.

У згаданы чат-бот прапануецца таксама пісаць беларусам, у якіх узніклі праблемы ў іншых закранутых стыхіяй краінах.

“Народная амбасада Беларусі ў Польшчы” заклікала суайчыннікаў узяць удзел у зборы рэчаў для пацярпелых ад паводкі на тэрыторыі Польшчы. Група беларусаў Вроцлава будзе шукаць магчымасці надаць дапамогу тым, хто апынуўся ў цяжкай сітуацыі з-за паводкі ў польскім ваяводстве Ніжняя Сілезія.

У выніку выкліканых цыклонам “Барыс” залеваў, якія абрынуліся на паўднёва-заходнія рэгіёны Польшчы 14 і 15 верасня, вада затапіла населеныя пункты Глухалазы і Клодзка, а горад Лендэк-Здруй апынуўся адрэзаным ад дарожных зносін. Эвакуявана больш за 2,5 тыс. чалавек, многія дамы засталіся без электрычнасці. Разбураныя масты, здарыўся прарыў дамбы ў невялікім горадзе Строне-Слёнску. Узровень вады ў адной з рэк падняўся да 6,7 метра пры дапушчальнай адзнацы 2,4 м. Загінула не менш за тры чалавекі.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск 15 верасня абвясціў, што пасля кансультацый з адпаведнымі міністрамі і ведамствамі даручана падрыхтаваць распараджэнне ўрада аб аб’яўленні стану стыхійнага бедства.

Ад цыклона пацярпела мноства населеных пунктаў у Аўстрыі, Чэхіі, Румыніі і Малдове.

Падзяліцца: