Мінск 19:16

Рыжанкоў абвінаваціў ЗША ў канфлікце на Блізкім Усходзе

Фота: МЗС Беларусі

27 верасня, Позірк. Беларусь “глыбока шкадуе аб неспынных пакутах мірнага насельніцтва” ў сектары Газа і “адсутнасці належнай гуманітарнай дапамогі палестынскаму народу, які жыве ў нястачы”, заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 27 верасня ў Нью-Ёрку на сустрэчы Групы сяброў у абарону Статута ААН.

Асудзіўшы “кровапраліцце, якое працягваецца”, кіраўнік МЗС, як паведамляе прэс-служба ведамства, выступіў “за ўрэгуляванне канфлікту на аснове прынцыпу дзвюх дзяржаў са стварэннем цалкам незалежнай палестынскай дзяржавы”.

“З нашага пункту гледжання, адной з галоўных перашкод на шляху да міру з’яўляецца непрыхаванае заахвочванне Ізраіля Злучанымі Штатамі [Амерыкі] да выкарыстання вайсковай сілы для дасягнення сваіх мэтаў”, — сказаў Рыжанкоў.

Паводле яго слоў, краінам — сябрам ААН “неабходна пераадолець усё яшчэ папулярныя на Захадзе каланіяльныя амбіцыі”, якія ў ліку іншага цягнуць накладанне санкцый на асобныя дзяржавы.

Рыжанкоў таксама падкрэсліў важнасць “барацьбы з незаконнымі аднабаковымі санкцыямі”, якія, на яго думку, з’яўляюцца “сучасным каланіяльным інструментам дэструктыўнай знешняй палітыкі асобных дзяржаў”.

“Мы лічым, што пытанне аб аднабаковых прымусовых мерах павінна заставацца прыярытэтным для групы ў сілу яго выразнай сувязі са Статутам ААН. Прапануем групе сяброў узяць на сябе больш актыўную ролю ў выкараненні гэтай праблемы”, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Ён заклікаў краіны групы заявіць на агульных спрэчках 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН аб “неабходнасці ўстрымацца ад любых аднабаковых прымусовых мер і адмяніць забароны і абмежаванні ў дачыненні да беларускіх угнаенняў на міжнародных рынках”.

У склад Групы сяброў у абарону Статута ААН уваходзяць Ангола, Алжыр, Беларусь, Балівія, Камбоджа, Кітай, Куба, Эрытрэя, Палесціна, Расія, Экватарыяльная Гвінея, Малі, Нікарагуа, Іран, КНДР, Лаос, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадыны, Сірыя, Венесуэла і Зімбабвэ.

Рыжанкоў у Нью-Ёрку прымае ўдзел у мерапрыемствах Генеральнай Асамблеі ААН. 26 верасня ён правёў у рамках візіту шэраг сустрэч.

“Практычныя пытанні супрацоўніцтва паміж дзвюма дружалюбнымі дзяржавамі і шляхі актывізацыі сумеснай працы ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, дагаворна-прававой, гуманітарнай і іншых сферах” кіраўнік МЗС абмеркаваў 22 жніўня з амбасадарам Палесціны ў Мінску Ахмедам Махамедам Аль-Мадбухам.

Па выніках сустрэчы заяўлялася, што “суразмоўцы абмяняліся думкамі аб стане спраў у рэгіёне Блізкага Усходу, надаўшы асаблівую ўвагу перспектывам нармалізацыі сітуацыі ў сектары Газа”.

7 кастрычніка 2023 года на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа ўварваліся баевікі ваеннага крыла руху ХАМАС. Адначасова з Газы пачаўся інтэнсіўны ракетны абстрэл ізраільскай тэрыторыі. У выніку тэрарыстычнай атакі ў Ізраілі загінула 1,2 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпела 7,3 тыс. з улікам загінулых з пачатку распачатай у той жа дзень ваеннай аперацыі ў адказ Ізраіля вайскоўцаў колькасць ахвяр перавысіла 1,6 тыс.

Паводле афіцыйных ізраільскіх даных, 7 кастрычніка ХАМАС выкраў 251 чалавека. Па стане на жнівень 2024 года, тэрарысты ўтрымліваюць больш за 110 чалавек (жывых і мёртвых). У іх ліку 94 мужчын, 16 жанчын і двое дзяцей, выкрадзеных падчас тэрарыстычнай атакі ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года. Вядома, што 40 выкрадзеных няма ў жывых, целы ўтрымліваюцца ХАМАС у Газе. Вызвалена ў рамках абмену зняволенымі альбо выратавана ізраільскімі вайскоўцамі 135 чалавек. Не менш за 16 чалавек забіта ў палоне, іх целы знойдзеныя і эвакуяваныя байцамі Арміі абароны Ізраіля.

Падкантрольны руху ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы сцвярджае, што з пачатку ваеннай аперацыі Ізраіля ў сектары загінула каля 40 тыс. чалавек, колькасць параненых ацэньваецца ў 90 тыс.

З кастрычніка мінулага года працягваецца ваенная аперацыя Ізраіля ў сектары Газа, якая стала адказам на напад тэрарыстаў групоўкі ХАМАС.

Падзяліцца: