Мінск 20:36

Латушка пра выступ Рыжанкова ў ААН: У Беларусі з’яўляецца свой Рыбентроп

Скрыншот: ютуб-канал Паўла Латушкі

29 верасня, Позірк. З міністрам замежных спраў гітлераўскай Германіі Іаахімам фон Рыбентропам параўнаў кіраўніка МЗС Беларусі Максіма Рыжанкова кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.

З адпаведнай заявай палітык выступіў пасля прамовы Рыжанкова на 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Сярод іншага з трыбуны ААН кіраўнік МЗС Беларусі заявіў: “10 гадоў таму Мінск стаў месцам выніковых перамоў па вырашэнні канфлікту ва Украіне. Мы і цяпер прапануем свае міратворчыя намаганні, бо лепш за ўсіх ведаем і разумеем рускіх і ўкраінцаў”.

Каментуючы гэтыя словы, Латушка назваў іх “прапановай аб падзеле Украіны” і ўспомніў пра падзеі, якія папярэднічалі пачатку Другой сусветнай вайны: “1939 год. 20 жніўня Рыбентроп просіцца ў Маскву, а ўжо 23 жніўня падпісвае сакрэтны план аб падзеле Польшчы. Германія нападае на Польшчу, у наступным нападае на Польшчу і Савецкі Саюз”.

“[Міністр замежных спраў СССР Вячаслаў] Молатаў пазней, у верасні 1939 года, выступаючы ў Вярхоўным савеце Савецкага Саюза, казаў, што Германія хоча міру, а вось Англія і Францыя, якія да гэтага выступалі супраць агрэсіі, хочуць вайны”, — сказаў Латушка.

Рыжанкоў, на яго думку, таксама “фактычна паўтарае гісторыю Рыбентропа”, калі заяўляе, што “ўкраінцы масава едуць у Беларусь”.

“Калісьці Рыбентроп прапаноўваў узяць у закладнікі габрэяў, звезці іх на востраў Мадагаскар, каб не дапусціць уваходжання ў вайну Злучаных Штатаў Амерыкі. Рыжанкоў намякае, што ўкраінцы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, таксама будуць з’яўляцца закладнікамі?” — адзначыў кіраўнік НАУ.

“Рыбентроп — Рыжанкоў”, — дадаў Латушка.

Міністр замежных спраў, выступаючы ў ААН, заявіў, што праз мяжу з ЕС “з моманту пачатку канфлікту ў Беларусь перамясцілася больш за 250 тыс. украінцаў”. “У апошні час — 12–15 тыс. у месяц. Гэта афіцыйныя лічбы пагранслужбы. Вось так з дабраўпарадкаванай Еўропы сёння бягуць. Бягуць відавочна не да агрэсараў”, — сказаў Рыжанкоў.

Ён таксама абвінаваціў Захад у падтрымцы вайны, якая працягваецца ва Украіне, якую ў 2022 годзе пры падтрымцы Мінска пачала Расія.

Вайна, паводле яго слоў, вядзецца “ва ўгоду транснацыянальнаму капіталу і ў інтарэсах калектыўнага Захаду”, заходнія краіны зацікаўленыя, каб “Украіна ваявала сёння да”апошняга ўкраінца”.

Паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, усяго з 24 лютага 2022 года, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне расійскіх войскаў у суседнюю краіну, у Беларусь прыбыло 248.056 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.965, транзітам праз Польшчу — 178.491, праз Літву — 47.555, праз Латвію — 6.045.

Аб неадпаведнасці гэтых лічбаў рэальнай сітуацыі заявіў у інтэрв’ю “Позірку” 23 лютага гэтага года амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — сказаў ён. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці аб звычайных паездках грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак аб колькасці ўкраінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

“Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў ці людзей, якія ўехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулак. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Паводле звестак ААН на 24 верасня, у свеце было зафіксавана амаль 6,73 млн украінскіх уцекачоў (з іх 6,154 млн — у Еўропе).

Падзяліцца: