Мінск 06:42

У Расіі асудзілі жыхара Комі, які спрабаваў прадаць ваенную тэхніку ў Беларусь

Фота: unsplash.com

3 лістапада, Позірк. У Рэспубліцы Комі (РФ) вынесена рашэнне па крымінальнай справе 57-гадовага жыхара горада Саснагорск, які “рабіў замах на кантрабанду ваеннай тэхнікі”, паведамляе прэс-служба Ухцінскага гарадскога суда.

Мужчына прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 30 (замах на злачынства), ч. 1 арт. 226.1 (кантрабанда <…> агнястрэльнай зброі або яе асноўных частак, выбуховых прылад, боепрыпасаў, іншага ўзбраення, іншай вайсковай тэхнікі <…>) Крымінальнага кодэкса РФ.

Ён прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 1,5 года, “на працягу якога на асуджанага ўскладзена выкананне шэрагу абавязкаў”.

Падкрэсліваецца, што на прысуд паўплывала “сукупнасць змякчальных абставінаў” — “актыўнае спрыянне расследаванню злачынства, аказанне добраахвотнай дапамогі вайсковай частцы, якая ўдзельнічае ў “спецыяльнай вайсковай аперацыі” (СВА, так расійскія і беларускія ўлады называюць поўнамаштабную вайну, якая вядзецца РФ супраць Украіны з 24 лютага 2022 года. — “Позірк”.), сукупнасць станоўчых характарыстык, стан здароўя і перадпенсійны ўзрост”.

Мужчына з’яўляецца калекцыянерам радыёпрыбораў. Паводле матэрыялаў справы, у лютым — сакавіку 2024 года ён размясціў на адным з інтэрнэт-парталаў “аб’яву аб продажы пераноснай станцыі наземнай выведкі, набытай у пачатку 2000-х гадоў”.

“Нягледзячы на тое, што дадзеная пераносная станцыя наземнай выведкі выпускалася ў інтарэсах Міністэрства абароны СССР у перыяд з 1978 па 1989 гады і была знятая з ўзбраення арміі Расіі, яна ў стане ажыццяўляць пошук, выяўленне, суправаджэнне і вымярэнне каардынатаў рухомых наземных мэтаў. У сувязі з гэтым як ваенная тэхніка агульнага прымянення з’яўляецца прадукцыяй ваеннага прызначэння, продаж якой за межы Расійскай Федэрацыі магчымы толькі з дазволу ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы суда.

Заяўляецца, што падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) устанавілі намер фігуранта прадаць станцыю ў Беларусь. Пасля атрымання грошай ад пакупніка расіянін “спакаваў вайсковую тэхніку і перадаў у транспартную кампанію для адпраўкі за мяжу РФ, паказаўшы ў суправаджальных дакументах ілжывыя звесткі аб грамадзянскім прызначэнні грузу”.

Яго дзеянні былі спыненыя ФСБ, станцыя была канфіскаваная. Таксама ў мужчыны канфіскавалі ў даход дзяржавы мабільны тэлефон, які, як сцвярджаецца, ён “выкарыстоўваўся пры здзяйсненні злачынства”.

Пра якія-небудзь дзеянні ў дачыненні да пакупніка вайсковай тэхнікі з Беларусі не паведамляецца.

Падзяліцца: