Мінск 20:22

Белстат: Даўгі прадпрыемстваў за год выраслі на 17%

Фота: rusgosnews.com

14 лістапада, Позірк. У студзені — верасні 2024 года рэнтабельнасць рэалізаванай беларускімі прадпрыемствамі прадукцыі склала 7,8% — на 1,2 працэнтнага пункта менш, чым за дзевяць месяцаў 2023-га (9%), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Рэнтабельнасць продажаў — 6,5% (7,4%; -0,9 п.п.).

Дэбіторская запазычанасць (запазычанасці прадпрыемству) на 1 верасня склала 76,3 млрд рублёў (67,1 млрд; +13,7%), у тым ліку пратэрмінаваная — 9,4 млрд (9,9 млрд; -5,1%).

Крэдыторская запазычанасць (запазычанасці прадпрыемства) дасягнула 91,9 млрд рублёў (78,7 млрд; + 16,8%), у тым ліку пратэрмінаваная — 9,9 млрд (9,8 млрд; +1%).

Паводле даных Нацыянальнага банка, запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 кастрычніка 2024 года склала 54 млрд 450,8 млн рублёў.

Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што актуальная сума запазычанасці на 3,9% большая, чым было на 1 студзеня 2024-га (52 млрд 394,8 млн рублёў), і на 8,2% перавышае запазычанасць, зафіксаваную 1 верасня 2023-га (50 млрд 344,6 млн).

Пратэрмінаваная запазычанасць на 1 кастрычніка склала 216,8 млн рублёў (-33,1% у гадавым вымярэнні; -1,7% з пачатку гэтага года).

10 сакавіка 2023 года на пасяджэнні Савета міністраў Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць зніжаць долю стратных прадпрыемстваў у дзяржсектары: “Маецца прыбытак — значыць, прадпрыемства працуе нармальна. Таму рэнтабельнасць і рост прыбытку мусяць стаць галоўнымі крытэрыямі для ацэнкі эфектыўнасці працы кіраўніка любога ўзроўню”.

Паводле яго слоў, асаблівую ўвагу трэба таксама надаваць дысцыпліне разлікаў: “Не будзе парадку з даўгамі — не будзе нармальнага функцыянавання эканомікі”.

3 кастрычніка таго ж года на нарадзе па продажах айчыннай прадукцыі Лукашэнка падкрэсліў, што для беларускай эканомікі “пытаннем пытанняў” з’яўляецца дэбіторская запазычанасць. “Па “дэбіторцы”, я сказаў, ніякіх спасылак [не павінна быць] на тое, што недзе плацяжы не ідуць, яшчэ нешта”, — сказаў ён.

9 красавіка 2024 года на нарадзе аб развіцці прамысловасці Лукашэнка канстатаваў, што не выкананыя яго патрабаванні па скарачэнні знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, якая за 2023 год вырасла больш як на 10%.

22 ліпеня ў Мінску на нарадзе па пытаннях развіцця прамысловасці ён папярэдзіў дырэктараў прадпрыемстваў пра наступствы іх няздольнасці вярнуць даўгі за сваю прадукцыю. “Гэтая турма. Таму што пры такім раскладзе вы просіце яшчэ і танныя крэдыты пад “абаротку” і рэструктурызацыю даўгоў. Гэта значыць зноў спадзеяцеся, што дзяржава з уласнай кішэні вам нешта дасць, і на іншыя льготы і прэферэнцыі [таксама спадзяецеся]. Чарговы раз паўтараю: павінна быць жорсткая дысцыпліна разлікаў”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Даведка “Позірку”:

  • рэнтабельнасць прадукцыі паказвае адносіны прыбытку ад продажу да сабекошту;
  • рэнтабельнасць продажаў паказвае, якую частку выручкі арганізацыі складае прыбытак.
Падзяліцца: