Мінск 15:50

Два трактары і 77 т саломы знішчана агнём з пачатку лістапада

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба МНС

16 лістапада, Позірк. На аб’ектах аграпрамысловага комплексу (АПК) працягваюць адбывацца пажары, якія наносяць шкоду сельгаспрадпрыемствам, сведчыць праведзены “Позіркам” агляд сутачных зводак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях за першую палову лістапада.

На палях было знішчана два трактары: 7 лістапада ў Светлагорскім раёне (Гомельская вобласць), 11-га — у Пружанскім раёне (Брэсцкая вобласць), таксама агнём пашкоджана модульная ратацыйная касілка.

Маторны адсек і кола ўніверсальнага энергетычнага сродку УЭС-2-250А былі пашкоджаныя 14 лістапада ў Лунінецкім раёне (Брэсцкая вобласць).

Зафіксаваныя таксама іншыя здарэнні на сельскагаспадарчых аб’ектах.

1 лістапада ў Дзятлаўскім раёне (Гродзенская вобласць) пажар пашкодзіў 10 кв. м лакафарбавага пакрыцця бункера зернесушыльнага комплексу КЗСВ-30.

5 лістапада агонь знішчыў дах цаглянага складскога будынка ў Пастаўскім раёне (Віцебская вобласць), пашкодзіў збожжаачышчальную машыну і 3 тоны фуражнага збожжа; 10-га — абсталяванне электрашчыта ў кормараздаткавым памяшканні свінакомплексу ў Мінскім раёне.

Ад пачатку месяца знішчана 77 тон саломы ў рулонах: 1 лістапада ў Мінскім раёне — 30 т, 4-га ў Лідзе (Гродзенская вобласць) — 38 т, 7-га ў Светлагорскім раёне (Гомельская вобласць) — 9 т.

12 лістапада ў Кобрынскім раёне (Брэсцкая вобласць) агонь пашкодзіў 2,4 т саломы ў рулонах.

За красавік — кастрычнік агнём у Беларусі знішчана або пашкоджана 68 адзінак тэхнікі і абсталявання прадпрыемстваў АПК.

Першае сёлета загаранне было зафіксаванае 16 красавіка. У полі каля вёскі Браткава (Капыльскі раён Мінскай вобласці) агнём быў знішчаны трактар МТЗ-3522 (2021).

У траўні было зафіксавана чатыры здарэнні: знішчаны трактар МТЗ-3522 (2014), пагрузчык “Амкадор 332В” (2009), камбайн УЭС-2-250А “Палессе” (2008); знішчана кабіна, пашкоджаны правае пярэдняе кола і маторны адсек яшчэ аднаго трактара.

Пяць выпадкаў трапіла ў зводку МНС у чэрвені: прыйшлі ў непрыдатнасць два камбайны КВК-800 “Палессе FS80”; знішчаныя кабіна і заднія колы трактара, пашкоджаныя маторныя адсекі двух камбайнаў, таксама прычэп для перавозкі грубых кармоў.

У ліпені і жніўні, як паведамляў “Позірк”, было знішчана або пашкоджана не менш як 35 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, у верасні — 16.

53% пажараў, якія адбыліся сёлета на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, звязана з “чалавечым фактарам”, паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 ліпеня начальнік галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Турчын.

“З іх дзве траціны звязаныя з парушэннем правілаў эксплуатацыі электрасетак або электраабсталявання”, — сказаў прадстаўнік ведамства.

Паводле яго слоў, кіраўніцтву гаспадарак неабходна звярнуць увагу на “вартаўнічую ахову”, бо “бескантрольнасць прыводзіць да ўзгаранняў”, у тым ліку праз “свавольства дзяцей”.

Іншым фактарам пажаранебяспекі Турчын назваў “бескантрольнае выкарыстанне агню — паленне ў месцах складавання і правядзення зварачных работ”.

Падзяліцца: