Мінск 13:17

Мінабароны трэніруе афіцэраў супрацьпаветранай абароны і адбівае напад на ваенкамат

Фота: Мінабароны

20 лістапада, Позірк. На палігоне “Гожскі” пад Гродна Міністэрства абароны праводзіць збор па баявой падрыхтоўцы, паведаміла 20 лістапада прэс-служба ведамства.

Яго ўдзельнікі азнаёміліся з методыкай правядзення заняткаў па агнявой падрыхтоўцы, асаблівасцямі падрыхтоўкі да вядзення бою ў абмежаванай прасторы і варыянтамі прымянення розных відаў сучаснага палігоннага абсталявання, гаворыцца ў рэлізе.

“Афіцэры разгледзелі і абмеркавалі: цэлеўказанне і навядзенне авіяцыі, контрбатарэйную барацьбу, вядзенне агню з танка, БМП і БТР з закрытай агнявой пазіцыі, асаблівасці арганізацыі супрацьпаветранай абароны і навучання падраздзяленняў вайсковай СПА вядзенню баявых дзеянняў, а таксама пытанні тактычнай медыцыны і псіхалагічнай падрыхтоўкі вайскоўцаў”, — адзначыла Мінабароны.

У Магілёве праходзіць “мабілізацыйны збор службовых асоб мабілізацыйных органаў войскаў і ваенных камісарыятаў абласцей і Мінска”. У мерапрыемстве бярэ ўдзел першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.

Праграма ўключае “тэарэтычныя і практычныя заняткі на тэрыторыі ваеннага камісарыята і прадпрыемстваў горада”. Таксама ўдзельнікі разгледзяць “практычныя дзеянні па адбіцці нападу ўмоўнага праціўніка на ваенны камісарыят”.

На фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і падтрымкі расійскай агрэсіі ва Украіне рэжым Аляксандра Лукашэнкі рэгулярна праводзіць розныя вайсковыя вучэнні, трэніроўкі, зборы.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае распачатую РФ 24 лютага 2022 года поўнамаштабную вайну супраць Украіны.

Падзяліцца: