Мінск 16:29

Пракуратура Варшавы пацвердзіла ператрусы ў штаб-кватэры “Белсата”

20 лістапада, Позірк. Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро (ЦАБ) займаецца зборам дакументацыі ў рамках расследавання, якое праводзіць акруговая пракуратура Варшавы ў дачыненні да кампаніі Belsat.EU. Пра гэта паведамляе Polska Agencja Prasowa (PAP).

Прэс-сакратар міністра — каардынатара спецыяльных службаў, кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Яцэк Дабжыньскі паведаміў агенцтву, што супрацоўнікі ЦАБ “праводзяць працу ў будынку Польскага грамадскага вяшчання (TVP) у рамках пракурорскага расследавання”

Прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Варшаве Пётр Скіба ўдакладніў, што ператрусы праводзяцца “ў штаб-кватэры TV Belsat”.

Следчыя дзеянні, паводле яго слоў, звязаныя з расследаваннем “прычынення буйной маёмаснай шкоды TVP SA ў перыяд са жніўня 2018 года да студзеня 2024 года асобамі, якія займаюцца яе маёмаснымі справамі, на агульную суму больш за 7 млн злотых (больш за 1,7 млн долараў у эквіваленце на 20 лістапада. — “Позірк”.) шляхам заключэння дагавораў на наданне IT-паслуг і заказаў на закупку з пэўнымі прадпрымальнікамі”.

“Расследаванне таксама вядзецца ў дачыненні да выстаўлення з красавіка 2019 года да студзеня 2024 года з мэтай атрымання прыбытку недакладных рахункаў-фактур з ПДВ на агульную суму 5.147.000 злотых (блізу 1,3 млн долараў. — “Позірк”.), дакументальна пацвярджаюць і фарміруюць аснову бухгалтарскіх разлікаў за IT-паслугі, фактычна не нададзеныя TVP SA кампаніяй, якая дзейнічае ў складзе пэўных кампаній”, — паведаміў Скіба.

Кіраўнік аддзела камунікацый TVP Томаш Вадэрэк паведаміў PAP, што Telewizja Polska “надала поўную падтрымку супрацоўнікам ЦАБ і перадала ўсе дакументы, названыя ў распараджэнні аб правядзенні праверкі”.

У тэлеграм-канале “Белсата” сцвярджаецца, што ўсе рэдакцыі працуюць у звычайным рэжыме.

Раней Gazeta Wyborcza паведаміла, што супрацоўнікі (ЦАБ) раніцай 20 лістапада ўвайшлі ў будынак TVP у рамках “расследавання злоўжыванняў” на тэлеканале “Белсат”. Выданне таксама напісала пра ператрус у кватэры былога дырэктара “Белсата” Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. Яна абвергла гэта.

Падзяліцца: