Мінск 23:46

Рэформамі ПКК хоча пазбавіцца ад людзей, для якіх вызваленне Беларусі — пустыя словы, заяўляе камандзір палка

Крыніца: сацсеткі палка Каліноўскага

23 лістапада, Позірк. Неабходнасць у зменах у палку імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) наспявала даўно, але “выбухнула гэта ўсё сёлета ў красавіку”, пасля чаго ў вайсковай адзінцы пачаліся рэформы, заявіў камандзір ПКК Павел “Дзядзька” Шурмей 23 лістапада ў Вільнюсе на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

“Наша агульная мэта — вызваленне Радзімы праз перамогу Украіны, — сказаў ён. — Гэтая самая галоўная мэта для некаторых людзей [у палку] ператварылася нават не ў бізнес-ідэю, а ў [ідэю пра] ўласную ПВК (прыватную вайсковую кампанію. — “Позірк”.)”.

Паводле яго слоў, тыя, каго раней называлі “штабам палка імя Кастуся Каліноўскага”, насамрэч былі “адміністратыўна-тылавой службай”, прадстаўнікі якой “да баявога планавання, баявых дзеянняў не мелі ніякага дачынення, займаліся забеспячэннем, тылам”. Тыя, хто “ваяваў з самага пачатку, не былі ў Кіеве”, таму раней не маглі паўплываць на працэсы.

“Мэта рэформ палягае ў тым, каб пазбавіцца ад людзей, для якіх вызваленне Беларусі — пустыя словы ці бізнес”, — канстатаваў Шурмей.

Кіраўнік прэс-цэнтра ПКК з пазыўным “Эрнэст” дадаў, што да пачатку рэформ “полк ішоў да стагнацыі”, паколькі “пэўныя людзі хацелі яго ператварыць у сваю прыватную вайсковую кампанію”, але “большасць людзей з гэтым не пагадзілася”.

Паводле яго слоў, у рамках рэфармавання палка адбываецца “змена ў кіраўніцтве”. “Пэўныя людзі, не будучы афіцыйна на пасадах, прымалі рашэнні за ўвесь полк, — патлумачыў ён. — Мы хочам гэта змяніць, ужо ёсць больш-менш выпрацаваная іерархія ў палку, хто за што адказвае, і разуменне аўтарытэту”.

“Дзядзька” — чалавек аўтарытэтны і шанаваны, зразумелы, вядомы, сёння ён ёсць камандзірам палка. Калі нехта кажа, што існуе нейкія два палкі, адколы, расколы… Сёння існуе адзін полк Каліноўскага”, — падкрэсліў ён.

Рэформы таксама тычацца фінансавай празрыстасці, адзначыў “Эрнэст”. Паводле яго слоў, існуе фонд Кастуся Каліноўскага, які падтрымлівае працу вайсковай адзінкі і ўзаемадзейнічае з валанцёрамі.

“Ён знаходзіцца пад нашым кантролем. Дырэктарам гэтага фонду з’яўляецца Дзяніс “Кіт” [Прохараў], вядомы вам папярэдні камандзір палка, які сам перадаў свае паўнамоцтвы “Дзядзьку” — Паўлу Шурмею, — паведаміў кіраўнік прэс-цэнтра. — Ён працягвае з намі працаваць, выконвае зараз вялікую працу з фондам, працуе над тым, каб высветліць усе мажлівыя злоўжыванні, якія былі папярэднім кіраўніцтвам зробленыя. Зараз вядзецца поўная праверка фонда, праца над тым, каб палепшыць працу фонда, фінансавую празрыстасць”.

“Што да пытання “дзесяціны”, якое ўздымалася прапагандыстамі, іншымі, хачу падкрэсліць, што “дзесяціна”, якую сёння байцы выплачваюць, — гэта дабраахвотны ўнёсак у нашу агульную інфраструктуру, нашы патрэбы. Гэта не нейкія грошы, якія мы сабе кладзем у кішэню, нейкія паборы “дзедаўшчыны”, як у беларускім войску”, — сказаў ён.

“Эрнэст” падкрэсліў, што для забеспячэння ПКК вельмі важная падтрымка беларускіх “валанцёраў, грамадства, дыяспары”, бо “ўкраінская дзяржава зараз вельмі моцна абцяжараная вайной”. “Мне здаецца адэкватным і правільным, каб беларускіх вайскоўцаў, беларускае падраздзяленне падтрымлівалі менавіта беларусы. Мне здаецца, гэта лагічна”, — адзначыў спікер.

У працэсе рэформ, падкрэсліў “Эрнэст”, ПКК хоча “вярнуць давер беларускіх дыяспар, беларускага грамадства”.

“Гэтае інфармацыйнае непаразуменне, вакуум, магчыма, нашая недапрацоўка. <…> Таму [нам важнае] пэўнае інфармацыйнае ўзаемадзеянне з медыя, прэсай беларускай. Мы максімальна адкрытыя на гэта, намагаемся супрацоўнічаць, бо разумеем, што апрача вайны мілітарнай, рэальнай мы вядзем інфармацыйную вайну. Я разумею, што ў журналістаў ёсць свае стандарты, мы не заклікаем удзельнічаць у інфармацыйнай вайне, але мы хаця б разлічваем на падтрымку”, — дадаў ён.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку паўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызнаў ПКК спачатку “экстрэмісцкім фарміраваннем”, а пасля — “тэрарыстычнай арганізацыяй”.

48-гадовы Павел Шурмей — удзельнік Алімпійскіх гульняў 2004 і 2008 гадоў у спаборніцтвах па акадэмічнаму веславанню.

Падзяліцца: