Мінск 15:50

Лукашэнка хоча “далейшага паглыблення” дыялогу з Палестынай

29 лістапада, Позірк. Зацікаўленасць у “далейшым паглыбленні дружалюбнага дыялогу” і “рэалізацыі значнага патэнцыялу супрацоўніцтва” выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 29 лістапада прэзідэнта Палестыны Махмуда Абаса з Міжнародным днём салідарнасці з палестынскім народам.

Паводле слоў віншавальніка, якія перадае яго прэс-служба, супрацоўніцтва Беларусі і Палестыны можа быць актывізавана “ў тым ліку ў такіх галінах, як прамысловасць, сельская гаспадарка, харчовая бяспека, навука і адукацыя”.

Лукашэнка “асабліва адзначыў блізкасць падыходаў Беларусі і Палестыны да пашырэння міжнародных адносін, якія грунтуюцца на агульнапрызнаных прынцыпах суверэннай роўнасці краін, узаемнай павазе і ўліку інтарэсаў”, гаворыцца ў тэксце паслання.

“Перакананы, што ў гэты цяжкі для жыхароў Палестыны час выпрабаванняў спадчына яе першага прэзідэнта Ясіра Арафата, які змог аб’яднаць суайчыннікаў і паказаць шлях да ўсталявання доўгатэрміновага міру на святой Зямлі, асабліва запатрабаваная. Упэўнены, дээскалацыя напружанасці на Блізкім Усходзе, хуткае дасягненне міру і бяспекі будуць спрыяць стабільнасці і эканамічнаму развіццю Палестыны і дзяржаў усяго рэгіёну”, заявіў Лукашэнка.

Беларусь, паводле яго слоў, “цвёрда прытрымліваецца пазіцыі забеспячэння неад’емных законных правоў палестынцаў на незалежнасць на аснове рашэнняў ААН аб стварэнні дзвюх дзяржаў для двух народаў”.

Лукашэнка і іншыя прадстаўнікі афіцыйнага Мінска рэгулярна заяўляюць аб неабходнасці стварэння незалежнай палестынскай дзяржавы.

Сітуацыя на Блізкім Усходзе рэзка абвастрылася, калі 7 кастрычніка 2023 года на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа ўварваліся баевікі ваеннага крыла руху ХАМАС. Адначасова з Газы пачаўся інтэнсіўны ракетны абстрэл ізраільскай тэрыторыі. У выніку тэрарыстычнай атакі ў Ізраілі загінула 1,2 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпела 7,3 тыс.

У адказ Ізраіль пачаў ваенную аперацыю. Міністэрства аховы здароўя Газы (дзейнічае пад кантролем ХАМАС) заяўляе, што ў выніку ізраільскай аперацыі мінулага года забіта каля 44 тыс. чалавек, паранена каля 105 тыс. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя Палестынскай аўтаноміі, якія ААН лічыць дакладнымі, больш за 39% забітых у Газе — мужчыны прызыўнога ўзросту, 19% — жанчыны, 32% — непаўналетнія, больш за 8% — пажылыя (ад 60 гадоў). Ізраіль заяўляе, што з пачатку вайны ў Газе ліквідавана або ўзята ў палон каля 14 тыс. баевікоў і іх камандзіраў. ХАМАС прызнае гібель прыкладна 6 тыс. баевікоў. 16 кастрычніка 2024 года на поўдні сектара Газы быў забіты лідар ХАМАС Ях’я Сінуар.

Паводле звестак ААН, каля 1,7 млн жыхароў сектара Газа было вымушана пакінуць свае дамы. 1,3 млн перамешчаных жыхароў Газы пражывае ў сховішчах на поўдні сектара.

23 верасня гэтага года пачалася новая фаза ізраільска-ліванскага супрацьстаяння: у Ліване былі атакаваныя тысячы цэляў, Міністэрства аховы здароўя краіны паведамляла пра сотні забітых і тысячах параненых. Ваенная аперацыя ў Ліване атрымала назву “Стрэлы поўначы”. 27 верасня ў прыгарадзе Бейрута быў атакаваны галоўны штаб праіранскай групоўкі “Хізбала”, якая ажыццяўляе перманентныя ракетныя абстрэлы ізраільскай тэрыторыі. У выніку загінуў яе лідар Хасан Насралла і многія іншыя кіраўнікі і камандзіры.

1 кастрычніка 2024 года Іран атакаваў Ізраіль, выпусціўшы сотні балістычных ракет. У той жа дзень было афіцыйна абвешчана аб пачатку наземнай аперацыі Ізраіля ў Ліване.

26 лістапада стала вядома, што Ізраіль і “Хізбала” дамовіліся аб перамір’і.

Міжнародны дзень салідарнасці з палестынскім народам быў заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН у 1977 годзе і адзначаецца 29 лістапада — у дзень прыняцця ёю ў 1947 годзе рэзалюцыі аб падзеле Палестыны.

Лукашэнка наведваў Ізраіль і Палестыну ў студзені 2000 года.

Падзяліцца: