Мінск 12:11

У Беларусі сістэматычна зневажаюцца правы чалавека, канстатуюць заходнія дыпламаты

Ілюстрацыйнае фота: прадстаўніцтва ААН у Беларусі

10 снежня, ПозіркДзень правоў чалавека нагадвае пра тое, што правы на свабоднае выказванне меркавання і на доступ да інфармацыі “не з’яўляюцца нечым апцыянальным, гэта фундаментальныя правы”, гаворыцца ў сумеснай заяве акрэдытаваных у Беларусі дыпламатычных місій заходніх краін.

“У Беларусі гэтыя правы сістэматычна зневажаюцца, — гаворыцца ў дакуменце. — Людзей несправядліва арыштоўваюць, прымушаюць маўчаць, ізалююць толькі за тое, што яны кажуць і распаўсюджваюць праўду. Мы выступаем за абарону і ўмацаванне правоў чалавека як у сваёй краіне, так і па ўсім свеце”.

Заяву падпісалі дыпмісіі Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Ірландыі, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Чэхіі і Швецыі.

Дзень правоў чалавека штогод адзначаецца ва ўсім свеце 10 снежня. Ён прымеркаваны да даты прыняцця Генеральнай Асамблеяй ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (Парыж, 1948 год). У гэтым дакуменце абвешчаныя неад’емныя правы, уласцівыя кожнаму чалавеку незалежна ад яго расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага, саслоўнага ці іншага становішча.

Дэкларацыю перакладаюць часцей, чым любы іншы дакумент у свеце: яе тэкст існуе на 577 мовах.

Падзяліцца: