Мінск 00:56

Агрэсіўнай рыторыкай Лукашэнка трымаецца палітыкі Крамля па нагнятанні ваеннай істэрыі — ISW

Скрыншот архіўнага відэазапісу з неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі

11 снежня, Позірк. Агрэсіўная рыторыка Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца “працягам палітыкі Крамля па нагнятанні ядзернай ваеннай істэрыі”, што скіраваная на тое, каб “запалохаць Захад і скараціць яго падтрымку Украіны”, мяркуе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Такім чынам ISW адрэагаваў на заявы Лукашэнкі 10 снежня ў Барысаве (Мінская вобласць).

На сустрэчы з работнікамі барысаўскага прадпрыемства “ПАЖСНАБ” палітык заявіў, што “ўвёз ядзерныя боегалоўкі” ў Беларусь — “не адзін дзясятак адзінак”, а яго праціўнікі “празевалі”, “нават не заўважылі”, як зброя была дастаўленая ў краіну. Ён у чарговы раз прыстрашыў “усіх сваіх ворагаў, “сяброў” і сапернікаў”, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі “адказ будзе імгненным”.

Лукашэнка таксама заявіў, што ў расійскім ракетным комплексе “Арэшнік” “уся пускавая ўстаноўка беларуская, <…> лакалізацыя найвышэйшая”. “Я яму (прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну. — Позірк.) сказаў: “Мы не ставім пытанне пра ракету. Калі трэба, будзем разам рабіць, у нас кампетэнцый дастаткова ў гэтым плане, будзем дапамагаць, як па атамнай станцыі. А пускавую ўстаноўку мы зробім — МЗКЦ робіць. І больш сур’ёзныя рэчы робіць. Таму вось давайце разам рухацца”, — сцвярджае спікер.

Пуцін, у чарговы раз паўтарыў Лукашэнка, пагадзіўся размясціць “Арэшнік” у Беларусі. “Устаноўку, вядома, мы зробім для сябе самі — пускавую. Ну, а ракету бясплатна расіяне нам паставяць. Другая палова наступнага года. Чакаем. Будзем глядзець, што ў нас з гэтага выйдзе. <…> Калі мы будзем мець звычайную такую магутную зброю, перш чым да нас сунуцца з танкамі, якія палякі закупляюць там ад Карэі да Амерыкі, і нейкімі іншымі БМП, ракетамі, яны моцна падумаюць. Бо адказ будзе сур’ёзны. І сапраўды супраць гэтай зброі проціяддзя няма. Яго немагчыма перахапіць, збіць і гэтак далей”, — заявіў ён.

Паводле яго слоў, у Беларусі “тры дзесяткі пляцовак”, якія пасуюць для размяшчэння “Арэшніка”: “Вось мы выберам, бо там мінімальная адлегласць да аб’ектаў паражэння павінна быць. Размесцім і нацэлім”.

Аналітыкі ISW лічаць гэтыя заявы Лукашэнкам сведчаннем “далейшага збліжэння расійскай і беларускай абаронных прамысловых баз у адпаведнасці з намаганнямі Расіі па паскарэнні паглынання Беларусі ў рамкі Саюзнай дзяржавы”.

9 лістапада Пуцін падпісаў Асновы дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядзернага стрымлівання, якія сярод іншага прадугледжваюць магчымасць выкарыстаць ядзерную зброю ў адказ на агрэсію супраць Расіі і Беларусі.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 6 снежня ў Мінску Пуцін заявіў, што падпісаны ў той жа дзень дагавор аб гарантыях бяспекі РФ і Беларусі “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Ён у чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю”, размешчаную, “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі.

На тым самым пасяджэнні Лукашэнка публічна папрасіў разгарнуць у Беларусі “Арэшнік”. Пуцін не выключыў такую магчымасць. “Гэта стане магчымым, думаю, у другой палове наступнага года па меры нарошчвання выпуску такіх комплексаў, серыйнага выпуску гэтых комплексаў у Расіі і па меры паступлення гэтых ракетных сістэм на ўзбраенне расійскіх войск стратэгічнага прызначэння”, — сказаў прэзідэнт РФ.

Упершыню пра жаданне размясціць “Арэшнік” на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада на палях саміта АДКБ у Астане (Казахстан).

Расія раніцай 21 лістапада нанесла ўдар па ўкраінскім горадзе Дняпро, дзе знаходзіцца завод па вытворчасці ракетна-касмічнай і іншай тэхнікі “Південмаш” (“Паўдзённы машынабудаўнічы завод імя Макарава”). Пазней Пуцін заявіў, што войска РФ выкарыстала для гэтага балістычную ракету ў бяз’ядзернай камплектацыі пад назвай “Арэшнік”. Паводле яго сцвярджэння, сродкаў яе перахопу ў свеце не існуе.

Падзяліцца: