Мінск 00:45

Ціханоўская спадзяецца на далейшую супрацу з урадам Францыі на чале з Байру

Ілюстрацыйнае фота: Arno Senoner / unsplash.com

14 снежня, Позірк. Надзею на працяг “шчыльнай супрацы” з Францыяй выказала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, віншуючы Франсуа Байру з прызначэннем на пасаду прэм’ер-міністра французскай дзяржавы.

Гэтае ўзаемадзеянне, адзначыла палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, будзе “ў імя свабоднай і незалежнай Беларусі”.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон вызначыў 73-гадовага лідара партыі “Дэмакратычны рух” Байру кіраўніком урада 13 снежня. У 1993–1997 годзе палітык займаў пасаду міністра нацыянальнай адукацыі, у 2017-м — міністра юстыцыі.

Ціханоўская неаднаразова сустракалася з прадстаўнікамі ўладаў Францыі як падчас візітаў у гэтую краіну, так і на міжнародных мерапрыемствах па-за яе межамі, у тым ліку з Макронам.

Францыя, як частка Еўрапейскага саюза, не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. Еўрасаюз увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

У сваю чаргу ўрад Беларусі летась увесну зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС.

Латушка абмеркаваў з прадстаўнікамі МЗС Францыі прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці

14 снежня, Позірк. Пытанне прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі і "яго саўдзельнікаў" да адказнасці абмеркаваў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Францыі 13 снежня ў Парыжы. Паводле інфармацыі ў тэлеграм-канале палітыка, адбыліся сустрэчы …
Падзяліцца: