Мінск 11:46

За мінулы тыдзень Беларусь у бязвізавым рэжыме наведала 4.065 чалавек — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

16 снежня, Позірк. За мінулы тыдзень (9–16 снежня) Беларусь у бязвізавым рэжыме наведала 4.065 жыхароў еўрапейскіх краін (тыднем раней — 3.714), вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

У краіну накіравалася 1.611 грамадзян Літвы (1.569), 483 грамадзяніны Польшчы (456), 1.430 грамадзян і неграмадзян Латвіі (1.228), 541 грамадзянін з ліку прадстаўнікоў іншых еўрапейскіх дзяржаў (461).

З 15 красавіка 2022 года Беларусь наведала 1.019.193 жыхары Еўропы. З Латвіі прыбыло 319.950 замежнікаў, Літвы — 583.177, Польшчы — 102.790. З 19 ліпеня 2024-га ў краіну прыбыло 13.276 замежнікаў з 35 краін, уключаных у спіс “пашыранага бязвізу”.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

13 снежня бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін падоўжаны да канца 2025 года.

Падзяліцца: