Мінск 18:56

Амбасадар у Кеніі Взяткін бачыць “пэўны патэнцыял” ва ўдзеле Беларусі ў рэканструкцыі офіса ААН у Афрыцы — дакумент

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 24 снежня 2024 года ў 16:20.

Фота: unon.org

22 снежня, Позірк. Пра магчымасць удзелу беларускіх прадпрыемстваў у рэканструкцыі комплексу будынкаў UNON у Найробі — штаб-кватэры ААН у Афрыцы — гаворыцца ў службовым лісце амбасадара Беларусі ў Кеніі Паўла Взяткіна, копію якога перадало “Позірку” аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.

Дакумент ад 6 лістапада 2024 года адрасаваны “органам дзяржаўнага кіравання”, копія накіраваная ў Міністэрства замежных спраў і пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН. Ліст называецца “Аб удзеле ў закупках арганізацый сістэмы ААН”.

Взяткін звяртае ўвагу, што агульная плошча аб’ектаў, якія рэканструююца ў будынках UNON (United Nations Office at Nairobi), складае 95.700 квадратных метраў, а максімальны кошт работ ацэньваецца ў 265,7 млн долараў.

“Праект уключае ў сябе будаўніцтва новай канферэнц-залы на 1.600 месцаў, цэнтра для наведвальнікаў, новага медыяцэнтра і поўнае абнаўленне інтэр’ераў існуючых канферэнц-залаў. Праектаванне пачалося ў 2023 годзе, будаўніцтва плануецца завяршыць у перыяд 2025–2030 гадоў”, — гаворыцца ў лісце дыпламата.

Ён паведамляе, што кантракт на аказанне праектных паслуг па пашырэнні канферэнц-залаў падпісаны з кампаніяй Boogertman + Partners (PTY) Ltd (ПАР). Пры гэтым праектаваннем таксама займаюцца Herzog & de Meuron World Ltd (Швейцарыя), Howard Humphreys East Africa Ltd (Кенія) і MACE YMR LLP (Кенія).

“Пэўным патэнцыялам, пры ўмове адпаведнасці патрабаванням, што прад’яўляюцца да пастаўшчыкоў сістэмы ААН, валодае ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у пастаўцы абсталявання для ўнутранага ўладкавання комплексу”, — заяўляе Взяткін.

Такімі таварамі ён называе “ліфты, вентыляцыйнае, тэлекамунікацыйнае, сантэхнічнае абсталяванне, сістэмы бяспекі комплексу”.

“Адзначаем, што ўсе тавары, якія ўвозяцца ў Кенію ў рамках праекта, не абкладаюцца мытнай пошлінай”, — гаворыцца ў дакуменце.

Амбасадар паведамляе, што для ўдзелу ў тэндэры на ажыццяўленне паставак вытворцам неабходна зарэгістравацца ў сістэме закупак ААН. У лісце прыводзіцца механізм такой рэгістрацыі на адпаведных парталах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

“Для айчынных вытворцаў удзел у тэндэрах, абвешчаных ААН, уяўляе сабой магчымасць выхаду на буйны рынак збыту тавараў, работ і паслуг. Ёмістасць гэтага рынку стабільна расце”, — падкрэслівае дыпламат.

Арганізацыі ААН, паводле яго слоў, набываюць “прадукты хіміі, нафтаперапрацоўкі, прадукты харчавання, аўтатранспартныя сродкі і запчасткі, абсталяванне, кампутарную тэхніку, канцылярскія матэрыялы і інш”. “У ліку паслуг, у прадастаўленні якіх зацікаўленыя ўстановы ААН, вялікі аб’ём займаюць паветраныя перавозкі, паслугі ў галіне грамадскага харчавання, экспедытарскае абслугоўванне”, — адзначае Взяткін.

“Як правіла, пры гэтым асноўнымі пастаўшчыкамі падобных тавараў і паслуг з’яўляюцца не транснацыянальныя карпарацыі, а прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу. Гэта накіравана на рэалізацыю палітыкі ААН па абароне правоў і інтарэсаў такіх прадпрыемстваў, якая перашкаджае аказанню ціску на іх буйных удзельнікаў сусветнага рынку”, — звяртае ўвагу амбасадар.

Кошт “пераважнай большасці” заключаных кантрактаў складае, паводле яго слоў, “прыкладна 20 тыс. долараў кожны”. “Штогод такіх кантрактаў заключаецца прыкладна 135 тыс. У той жа час закупкі на суму звыш 1 млн долараў складаюць не больш за 2% заказаў”, — гаворыцца ў дакуменце.

Взяткін паведамляе, што ліст “накіроўваецца ў мэтах прасоўвання беларускай прадукцыі ў рамках праекта рэканструкцыі комплексу ААН у Кеніі”.

Падзяліцца: