Мінск 11:50

Будучыя “візіты на высокім і найвышэйшым узроўнях“ абмеркавалі дыпламаты Беларусі і Кітая

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Лукашэвіч і памочнік кіраўніка МЗС Кітая Лю Бінь
Фота: прэс-служба МЗС Беларусі

26 снежня, Позірк. Пытанні двухбаковай і шматбаковай супрацы, у тым ліку будучых “візітаў на высокім і вышэйшым узроўні“, абмяркоўваліся 25 снежня ў Пекіне на чарговым раундзе кансультацый міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Кітаю па палітычных пытаннях.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства Беларусі, дэлегацыю з Мінска прадстаўляў першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч, кітайскага боку — памочнік кіраўніка МЗС Лю Бінь.

Паведамляецца, што “асобная ўвага“ была нададзеная ўзаемадзеянню ў рамках міжнародных арганізацый, у тым ліку Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і БРІКС.

“Суразмоўцы сышліся на думцы, што стасункі паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай, якія выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень, працягваюць дэманстраваць станоўчую дынаміку“, — сцвярджае прэс-служба МЗС.

23 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра намер у “бліжэйшы час“ здзейсніць візіт у Кітай.

Летась ён двойчы наведваў КНР і сустракаўся з яе кіраўніком Сі Цзіньпінам. Першы візіт адбыўся 28 лютага — 2 сакавіка, другі — 3–4 снежня. Абодва разы абмяркоўваўся шырокі спектр пытанняў, у тым ліку звязаных з эканомікай, міжнароднымі стасункамі.

Падзяліцца: