Мінск 12:37

Умацаванне мяжы з Беларуссю абыйдзецца Польшчы ў 610 млн долараў

Фота: Памежная ахова Польшчы

29 снежня, Позірк. Умацаванне мяжы з Беларуссю ў рамках процідзеяння нелегальнай міграцыі абыйдзецца Польшчы ў 2,5 млрд злотых (каля 610 млн долараў), паведаміў брытанскаму выданню Financial Times намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Душчык.

У публікацыі гаворыцца, што Варшава “мае намер завяршыць будаўніцтва памежнай загароды і закрыць мяжу з Беларуссю да наступнага лета”, гэта дазволіць “спыніць прыток мігрантаў”.

Паводле слоў Душчыка, гэта адбудзецца ў сярэдзіне 2025 года, пасля чаго сітуацыя на мяжы будзе “будзе максімальна набліжаная да 100-адсоткавай бяспекі”.

Пры гэтым, падкрэсліў намеснік кіраўніка МУС, Варшаве “трэба быць гатовай да новай спробы Лукашэнкі абвастрыць канфлікт і сабатаваць умацаваную памежную інфраструктуру Польшчы”.

Чыноўнік таксама анансаваў будаўніцтва ў памежжы “найбліжэйшымі месяцамі” дарогі, якая “дазволіць польскім войскам хутчэй рэагаваць на магчымыя парушэнні бяспекі”.

Польшча пабудавала загароду на мяжы з Беларуссю для процідзеяння нелегальнай міграцыі, якая пры бяздзейнасці беларускіх уладаў працягваецца з вясны 2021 года. Зараз бар’ер ўдасканальваецца, абсталёўваецца сучасным лічбавым абсталяваннем. Загароды на мяжы з Беларуссю таксама збудаваныя Літвой і Латвіяй.

З 13 чэрвеня 2024 года ў Польшчы дзейнічае буферная зона на мяжы з Беларуссю. Забарона на знаходжанне старонніх асоб уведзеная на ўчастку мяжы працягласцю 60,67 км у межах тэрыторый памежных пастоў у Нарэўцы, Белавежы, Дубічэ-Царкеўнэ і Чаромхе. Уздоўж 44 км забароненая зона ад мяжы паглыбляецца на 200 м, уздоўж 16 км у зоне запаведнікаў (гаворка пра Белавежскую пушчу) — на 2 км.

За 22 дні снежня гэтага года Польшча прадухіліла 563 спробы нелегальнага пранікнення мігрантаў з тэрыторыі Беларусі, за аналагічны перыяд мінулага года — 309 (рост на 82,2%), з пачатку 2024 года да 22 снежня — 29.867, за аналагічны перыяд 2023 года — 25.409 (рост на 17,5%), сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз статыстычных даных польскай памежнай службы.

Улады Польшчы, Літвы і Латвіі лічаць міграцыйны крызіс “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: