Ціханоўская ўручыла у Варшаве ўзнагароды за ўнёсак у свабоду, культуру і навуку Беларусі

9 студзеня, Позірк. Узнагароды за ўнёсак у барацьбу за свабоду Беларусі, нацыянальную культуру і навуку ўручыла 8 студзеня ў Варшаве дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Польшчы з трохдзённым візітам.
Лаўрэаты ўганараваныя ўзнагародамі Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) — медалямі Францыска Скарыны, “За плённую працу на карысць Беларусі” і “Гонар і годнасць”.
“Мы, беларусы і палякі, маем доўгую гісторыю супольнай барацьбы за свабоду і незалежнасць. Але я ўпэўненая, што галоўная перамога яшчэ наперадзе. У гэтай перамогі будзе свой дзень — дзень, калі Беларусь і Польшча стануць суседзямі ў Еўрасаюзе. Сёння мы ўручаем узнагароды ад імя АПК людзям, якія зрабілі вельмі шмат для таго, каб наблізіць гэты дзень”, — адзначыла Ціханоўская, адкрываючы цырымонію ўручэння ўзнагарод.
Медаль Францыска Скарыны з рук Ціханоўскай атрымала мовазнаўца, славістка, беларусістка, першы амбасадар Польшчы ў Беларусі Альжбэта Смулкова. Гэтую ўзнагароду ўручаюць за выбітныя заслугі ў прафесійнай дзейнасці, а таксама за “значны ўклад у развіццё духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу беларускага народа”.
Гэтым жа медалём уганараваны беларускі паэт і празаік Уладзімір Някляеў, які не змог прысутніцаць на цырымоніі.
Медалі “За плённую працу на карысць Беларусі” атрымалі прафесар, дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі, польскі палітык Роберт Тышкевіч, грамадскі дзеяч і мецэнат Мацей Радзівіл. Іх адзначылі за “выбітныя дасягненні, накіраваныя на карысць беларускага народа і дзяржавы”.
Маліцкі ў слове падзякі падкрэсліў, што гэта першая ўзнагарода, якую ён атрымаў ад Беларусі.
Тышкевіч падзякаваў беларусам Падляшша за тое, што навучылі яго “лепш казаць пра Беларусь”. Ён таксама выказаў удзячнасць “усім нязломным беларусам” і Ціханоўскай, якая ў 2020 годзе “абудзіла гэтую веру ў вольную Беларусь”.
Медалём “Гонар і годнасць” адзначаны беларускі кнігавыдавец, кіраўнік працуючай ў эміграцыі інтэрнэт-крамы “Кнігаўка” Андрэй Янушкевіч. Узнагарода ўручаная за “выключную адданасць у барацьбе за свабоду і нацыянальныя каштоўнасці” Беларусі.
У сваім выступе Янушкевіч выказаў удзячнасць усім, дзякуючы каму “на свет з’яўляюцца новыя кнігі”.
Пасля цырымоніі, адказваючы на пытанні “Позірку”, Ціханоўская падкрэсліла важнасць ушанавання “ўсіх тых, хто дапамагаў Беларусі не толькі зараз, у цяжкі перыяд, а на працягу многіх гадоў”.
“Што такое нацыя? Гэта людзі, якія захоўваюць сваю мову, культурную ідэнтычнасць, якія прыносяць нешта беларускае ў іншыя нацыі. Людзі, якіх мы сёння ўганаравалі, гэта выбітныя палякі, выбітныя беларусы, якія дбалі пра нашу родную мову, пра захаванне нашай спадчыны. Гэта вельмі важна для нас зараз, калі мы праходзім праз працэсы русіфікацыі, праз гэтую акупацыю Расіяй. Вельмі важна захаваць гэта для будучых пакаленняў, каб яны разумелі, праз што мы зараз праходзім, які ўнёсак зрабілі гэтыя людзі ў станаўленне нашай нацыі”, — адзначыла палітык.
Яна анансавала працяг практыкі ўручэння ўзнагарод АПК.
“У нас ёсць камісія, якая вызначае людзей для ўзнагароджання. Гэта і беларусы, і прадстаўнікі іншых нацый, якія зараз робяць свой унёсак і ў барацьбу, і ў культуру, і ў навуку Беларусі, у нашу ідэнтычнасць”, — сказала Ціханоўская.
“Канечне, мы будзем працягваць, — дадала дэмлідар. — У нас ёсць шмат медалёў для нашых ваяроў ва Украіне, для дзеячаў культуры, палітыкаў. Мы хочам адзначыць гэтых людзей. Гэта важна і для нас, і, я ўпэўненая, для іх”.
Аб’яднаны пераходны кабінет заснаваў медаль “Гонар і годнасць” як узнагароду за выключную адданасць Беларусі ў лютым 2023 года.
Пра ўручэнне першых медалёў Францыска Скарыны (узнагарода сугучная з афіцыйнай беларускай) паведамлялася 21 лютага 2024 года.
Летась 11 кастрычніка Ціханоўская ўзнагародзіла медалём “За плённую працу на карысць Беларусі” былога амбасадара Польшчы ў Беларусі (2018–2023) Артура Міхальскага.

- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВосьмы раз з пачатку чэрвеня суседнія краіны ЕС зафіксавалі за суткі больш за 100 спробаў парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваЗа апошнія чатыры дні патанула 7 чалавек, у тым ліку 3 дзяцей — прадстаўнік МНСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- ГрамадстваЗа пяць месяцаў 2026 года больш за 550 чалавек прыцягнута да адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфянікахМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь на апошнім месцы на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у траўні, на перадапошнім — з пачатку 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 23 чэрвеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


