Мінск 04:43

Сем банкаў абвясцілі аб новаўвядзеннях у працы з кліентамі

14 студзеня, Позірк. Сем працуючых у Беларусі банкаў паведамілі аб змяненні асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

Банк “ВТБ (Беларусь)” дазволіў уладальнікам заробкавых карт працягваць іх выкарыстоўваць нават пасля звальнення або разарвання дамовы на заробкавае абслугоўванне. У абодвух выпадках з першага дня наступнага месяца карты аўтаматычна пераходзяць на тарыфныя планы “Класічны Аптымальны”, “Прэміум Аптымальны” альбо “Прывілегія Лайт Аптымальны”.

“Беларусбанк” пашырыў пералік валют, якія прымаюцца па аперацыі “інкасса”. Банкноты долараў ЗША, еўра і расійскіх рублёў, якія маюць пашкоджанні, прымаюцца падраздзяленнямі банка на “інкасса” з утрыманнем ўзнагароджання ў памеры 5% ад сумы валюты ў эквіваленце (мінімум 25 рублёў). Дадаткова кліент кампенсуе суму выдаткаў банкам у межах дагаворных адносін з банкамі-контрагентам.

“Белгазпромбанк” з 17 лютага ўводзіць камісію ў памеры 1,5% ад сумы (мінімум 5 рублёў) за перавод грашовых сродкаў у беларускіх рублях з выкарыстаннем сістэмы імгненных плацяжоў з рахунка фізічнай асобы на рахунак фізічнай асобы, адкрыты ў банку-нерэзідэнце.

“БНБ-Банк” скараціў тэрмін выпуску картак і закрыцця рахункаў. Раней ён быў часова павялічаны да 30 дзён. Цяпер фінансава-крэдытная ўстанова абавязуецца выпусціць картку цягам 10 рабочых дзён, а закрыць рахунак — не пазней 15 каляндарных дзён з моманту падачы адпаведнай заявы.

“БСБ Банк” працягнуў да 31 студзеня акцыю па зніжаным камісіям у дадатку CryptoCourse. Гэта дазваляе гандляваць, інвеставаць і імгненна выводзіць свой прыбытак на карту VISA CryptoCourse.

“Неа Банк Азія” прапануе юрыдычным асобам гарантыю забеспячэння абавязацельстваў па крэдыце. Яна выдаецца на карысць крэдытора ў якасці забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытнаму дагавору. Умовы прадастаўлення гарантый: тэрмін — да 36 месяцаў з магчымасцю прадаўжэння; валюта — беларускія і расійскія рублі, долары і еўра, а таксама іншая ўзгодненая з банкам валюта.

“Тэхнабанк” працягнуў да 31 студзеня акцыю “Бонусы чакаюць Вас” па картках Mastercard у рублях, доларах альбо еўра. У яе межах можна атрымаць money-back 2% па безнаяўных аперацыях з выкарыстаннем карткі за мяжой; money-back 1% па безнаяўных аперацыях у Беларусі; бясплатнае абслугоўванне на працягу першага года без патрабаванняў да штомесячнага абароту.

На 1 студзеня 2025 года ў краіне быў зарэгістраваны 21 банк.

Прыбытак банкаў на 1 снежня 2024 года склаў 3 млрд 425,7 млн рублёў — на 26,7% больш за аналагічную дату 2023 года (2 млрд 703,1 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага банка. За месяц гэты паказчык павялічыўся на 178,6 млн рублёў (на 1 лістапада — 3 млрд 247,1 млн; +5,5%).

Падзяліцца: