Мінск 19:24

Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў адмове ад Пачобута, зноў праявіў нежаданне змагацца з нелегальнай міграцыяй

Архіўнае фота: sb.by

16 студзеня, Позірк. Польшча, паводле сцвярджэння Аляксандра Лукашэнкі, адмаўляецца весці перамовы па вызваленні журналіста, актывіста Саюза палякаў Беларусі, палітвязня Анджэя Пачобута.

“Што тычыцца Пачобута, нават казаць няма чаго, — заявіў ён 16 студзеня падчас наведвання Мінскага гарадскога тэхнапарку. — Я вам шчыра кажу як чалавек, які інфармаваны: яны адмовіліся ад Пачобута”.

“Палякі адмовіліся весці нават размовы па Пачобуце. Наколькі мяне інфармуюць, Пачобут не хоча туды ехаць. Вось і ўсё пытанне”, — цытуюць спікера дзяржаўныя СМІ.

Лукашэнка таксама пракаментаваў сітуацыю з пунктамі пропуску на мяжы з Польшчай, у чарговы раз адмовіўшыся “абараняць” суседнія краіны ЕС ад плыні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі.

“Ды хоць усе няхай зачыняць. Мы ж туды не ездзім, мы туды нічога не возім <…>. Яны ж санкцыі супраць нас увялі. Увялі — добра. Ну мы і не змагаемся супраць той міграцыі і людзей, якія там жадаюць жыць і якія туды ідуць. Я ўжо тысячу разоў пра гэта казаў: з пятлёй на шыі я не буду іх бараніць. То бок, яны накінулі на мой народ санкцыі, а я іх павінен абараняць? Не”, — сказаў ён.

13 студзеня міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк на брыфінгу ў Беластоку заявіў, што ў Польшчы “вельмі хацелі б, каб памежныя пераходы былі адкрытыя, але нічога не паказвае на тое, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні”, усклаўшы адказнасць за тое, што адбываецца, на беларускі бок.

“Анджэй Пачобут дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. Розныя заявы пра тое, што ён можа быць вызваленыя, не пацвердзіліся на практыцы. Таксама адсутнічае супраца беларускага боку ў перадачы інфармацыі пра віноўніка забойства польскага салдата летась”, — нагадаў міністр.

Сямоняк таксама паведаміў, што Польшча працягвае сутыкацца “з такой сітуацыяй на мяжы, якая не пакідае ніякіх сумненняў у тым, што беларускія службы арганізуюць і садзейнічаюць гэтай гібрыднай агрэсіі”.

“Таму, пакуль з боку Беларусі не будзе праяўленая добрая воля, прасторы для якіх-небудзь дзеянняў з нашага боку проста няма. Кожная са згаданых мною падзей успрымаецца намі як дзеянне супраць Польшчы”, — падкрэсліў міністр.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.

30 кастрычніка 2024 года міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі падчас выступу ў Сенаце заявіў, што Варшава “па розных каналах” дамагаецца вызвалення суайчыннікаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, асаблівая ўвага надаецца журналісту Анджэю Пачобуту, “прыгаворанаму па фіктыўнай справе”.

29 жніўня Сікорскі паведаміў, што для вызвалення Пачобута Польшча “спрабуе розныя ідэі”. Чыноўнік выказаў надзею, што “адна з іх нарэшце спрацуе”.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда летась 24 жніўня заявіў, што Варшава працягвае працу па вызваленні Пачобута.

Падзяліцца: