Мінск 03:56

Замяшчальныя беларускія дзяржаблігацыі выстаўлены на таргі, у тым ліку ў РФ

Крыніца: сайт Маскоўскай біржы

21 студзеня, Позірк. Замяшчальныя дзяржаўныя аблігацыі Беларусі выпуску № 331 (ISIN BYM000001818) “даступныя да таргоў” на пляцоўках Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) і Маскоўскай біржы (MOEX), паведаміла 21 студзеня Міністэрства фінансаў.

Адзначаецца, што “інвестары могуць ажыццяўляць аперацыі з гэтымі каштоўнымі паперамі ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам і правіламі таргоў”.

27 снежня 2024 года Мінфін паведаміў аб правядзенні першага замяшчэння беларускіх еўрааблігацый выпуску № 331 з пагашэннем 29 чэрвеня 2027 года на дзяржаблігацыі.

“Дзяржаўныя аблігацыі выпуску № 331 на суму 240,4 млн долараў пераведзеныя ва ўліковую інфраструктуру Нацыянальнага разліковага дэпазітарыя (РФ) для залічэння на рахункі трымальнікаў еўрааблігацый”, — адзначыла прэс-служба Мінфіна.

Замена праведзена 1.760 трымальнікам, якія прайшлі верыфікацыю ў Рэспубліканскім цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папер (Беларусь).

“У рамках замены выплачваецца раней акумуляваны працэнтны даход з улікам пацвярджэння трымальнікамі правоў валодання гэтымі каштоўнымі паперамі на адпаведныя даты выплат даходу”, — падкрэсліла ведамства.

Згаданае замяшчэнне анансаваў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў у інтэрв’ю праграме “Галоўны эфір” на тэлеканале “Беларусь 1” (вышло 10 лістапада 2024 года).

Тады ён заявіў, што асноўная маса трымальнікаў беларускіх еўрабондаў, тэрмін выплаты па якіх на той момант ужо надышоў, свае грошы атрымала. “Знойдзены механізм, якім чынам яны пераводзяць на нашы рахункі аблігацыі, мы пераводзім ім у беларускіх рублях плацяжы, і гэты механізм працуе”, — сказаў Селіверстаў.

Пытанні пагашэння “тых папер, тэрмін пагашэння па якіх яшчэ не надышоў, але яны таксама па сутнасці заблакаваныя”, паводле слоў чыноўніка, будзе вырашацца шляхам выпуску “замяшчальных аблігацый”. “Цяпер мы збіраем заяўкі, <…> у снежні першае замяшчэнне мы зробім, і ўжо на наступныя выпускі, 2026 года, будзем працаваць у гэтым кірунку. Банк развіцця, дарэчы, у рамках такога ж механізму па сваіх нарматыўных паперах таксама пачаў выплаты, і гэты працэс ідзе”, — адзначыў тады чыноўнік.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, згодна з якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на дату плацяжу”.

З таго часу Беларусь практыкуе пералічэнне плацяжоў па даўгах у рублях на спецрахунак у “Беларусбанку”.

Напярэдадні абвяшчэння тэрміну дэбютнага замяшчэння еўрааблігацый Міністэрства фінансаў таксама паведаміла, што згодна з сумеснай пастановай Савета міністраў і Нацбанка ад 23 снежня 2024 года № 999/34 права на атрыманне выплат па еўрааблігацыях Беларусь-2023 (ISIN XS1634369067 і US07737JAB98) праз дэпазітарый-нерэзідэнт цяпер таксама маюць трымальнікі аблігацый, што набылі каштоўныя паперы да даты названай пастановы.

Пры гэтым “захоўваецца абавязковая ўмова аб пераводзе еўрааблігацый на рахунак эмітэнта”. “Актуалізацыя парадку ўлічвае назапашаны досвед, а таксама цяперашнія ўмовы функцыянавання фінансавага рынку”, — адзначыла ведамства.

Апошні раз Міністэрства фінансаў паведамляла пра выплату 27 і 30 снежня працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Belarus-2027 у памеры 22,8 млн долараў у эквіваленце напрыканцы 2024 года.

Тады прэс-служба ведамства, як і раней, адзначыла, што “сродкі ў поўным аб’ёме” залічаныя на асобны банкаўскі рахунак у “Беларусбанку”.

Падзяліцца: