Мінск 16:53

У Магілёўскай вобласці зафіксавана найгоршая дынаміка па колькасці занятага ў эканоміцы насельніцтва

29 студзеня, Позірк. Ва ўсіх рэгіёнах і сталіцы зафіксавана адмоўная дынаміка па колькасці насельніцтва, занятага ў эканоміцы ў студзені — лістападзе 2024 года, вынікае з праведзенага “Позіркам аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Нягледзячы на тое, што Белстат ужо прадставіў агульныя звесткі за 2024 год, рэгіянальная дынаміка адкрытая толькі за 11 месяцаў:

Магілёўская вобласць — 415.518 чалавек (на аналагічны перыяд 2023-га — 423.306; -1,8%);

Гомельская вобласць — 554.125 (562.039; -1,4%);

Віцебская вобласць — 452.364 (457.810; -1,2%);

Гродзенская вобласць — 434.386 (439.689; -1,2%);

Брэсцкая вобласць — 562.962 (566.755; -0,7%);

Мінская вобласць — 668.614 (671.270; -0,4%);

Мінск — 1.033.360 (1.034.984; -0,2%).

Раней паведамлялася, што за год беларуская эканоміка страціла больш за 10 тыс. работнікаў.

Не дапускаць адтоку эканамічна актыўнага насельніцтва з рэгіёнаў цяпер з’яўляецца “задачай нумар адзін”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 лістапада ў Клімавічах (Магілёўская вобласць) на абласным свяце “Дажынкі”.

Пры гэтым ён адзначыў, што “працаваць жадаюць далёка не ўсе”, і папярэдзіў: “Рыхтуйцеся, бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе, усе павінны варушыцца, працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям’ю”. “Мы дапаможам, дамо працоўнае месца, толькі ідзіце працаваць. Тыя, хто перашкаджаюць людзям жыць… хлопцы, мы з вамі будзем сур’ёзна разбірацца, не крыўдуйце”, — заявіў спікер.

29 кастрычніка Лукашэнка падпісаў указ № 402 “Аб сацыяльнай падтрымцы”. Дакумент прыняты “ў мэтах узмацнення сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян”. Указам прадугледжваецца “адмена абмежавання на памер пенсіі працуючым пенсіянерам, што дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць выкарыстання на рынку працы асоб пенсійнага ўзросту”.

Каля 10 тыс. пенсіянераў могуць вярнуцца на рынак працы пасля зняцця абмежаванняў памеру пенсій для працуючых пенсіянераў, паведаміла 3 лістапада ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка.

Паводле слоў міністра, гаворка пра “маладых пенсіянераў”, якія “пяць гадоў як выйшлі на пенсію і не працуюць”, для якіх “такое абмежаванне [па памеры пенсій] цяпер спрацоўвае”.

Падзяліцца: