Мінск 15:53

Лукашэнка хацеў бы, каб “камісія па вяртанні” Шведа працягнула працу

Ілюстрацыйнае фота: Tim Mossholder / unsplash.com

4 лютага, Позірк. Пра мэтазгоднасць захавання “камісіі па вяртанні” заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 4 лютага з дакладам яе кіраўніка генеральнага пракурора Андрэя Шведа.

Камісія па “разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў” была створана пасля нарады ў Лукашэнкі 24 студзеня 2023 года. Адпаведны ўказ ён падпісаў 6 лютага таго ж года. 17 кастрычніка 2024-га стала вядома, што паўнамоцтвы камісіі пашыраны — цяпер яна можа разглядаць заявы асоб, якія пражываюць у Беларусі.

На сённяшняй сустрэчы Лукашэнка, як паведамляе яго прэс-служба, пацікавіўся меркаваннем генпракурора, ці варта захоўваць камісію ці яна “ўжо не патрэбная”. “Я хацеў бы, каб яна працавала. Усё ж, як бы там ні было, дадатковае меркаванне, дадатковы пункт гледжання”, — сказаў ён.

26 студзеня 2024 года Генпракуратура паведаміла, што ў камісію паступіла 150 заявак. Праз год, 15 студзеня 2025-га, Швед заявіў у БДУІР, што ў структуру паступіла “каля 200 заяў”, частка з якіх разгледжана, іншая частка — “у працы”. Кіраўнік ведамства заявіў, што “ўсе”, хто мае дачыненне да “экстрэмісцкай” і “тэрарыстычнай” дзейнасці, “альбо ўжо асуджаныя, альбо ў дачыненні да іх узбуджаныя крымінальныя справы, якія будуць разгледжаны судамі”. Пры гэтым, сказаў ён, некаторыя беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, “даўно хочуць вярнуцца назад”.

Колькі чалавек з дапамогай камісіі вярнулася ў Беларусь, дакладна невядома. Масавай з’явай гэта не стала.

На сустрэчы 4 лютага Лукашэнка таксама пацікавіўся ў Шведа сітуацыяй у сферы барацьбы з карупцыяй, а таксама крымінагеннай абстаноўкай у краіне. Па апошняй тэме ён анансаваў нараду, якую павінны падрыхтаваць Швед і дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Палітык таксама выказаўся пра “дэмакратычнасць” электаральнага мерапрыемства, што прайшло ў Беларусі 26 студзеня, якое ўлады называюць “прэзідэнцкімі выбарамі”.

“Мы сапраўды павінны не псеўдадэмакратычныя праводзіць выбары, як гэта ў нашых на Захадзе бывае: яны нас вучаць, а самі выбары праводзяць не заўсёды дэмакратычна і не ўсюды, і ўвогуле, напэўна, не праводзяць, — сцвярджае ён. — Мы ж мусім гэта рабіць вельмі дэмакратычна: гэта той час, калі народ усё вырашае”.

“Таму вось з гэтага пункту гледжання ці былі ў нас нейкія парушэнні, ці заўважылі пракуроры нешта, над чым трэба працаваць?” — пацікавіўся палітык, якога днём раней Цэнтрвыбаркам абвясціў пераможцам выбараў-2025.

3 снежня 2024 года цэнтр BEROC прадставіў даследаванне “Адаптацыйныя стратэгіі мігрантаў з Беларусі і Украіны на рынку працы Еўрапейскага саюза”, згодна з высновай якога большасць беларусаў, якія эмігравалі, гатовая вярнуцца на радзіму ў выпадку змены ўлады і спынення рэпрэсій.

Навуковы супрацоўнік BEROC Віялета Панасевіч адзначыла, што, паводле розных ацэнак, пасля падзей 2020 года з Беларусі з’ехала каля 500 тыс. чалавек. У праведзеным цэнтрам апытанні ўзяло ўдзел 172 беларусы (а таксама 392 украінцы), якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы ці Літвы на працягу 2–4 гадоў.

Падзяліцца: