Мінск 23:57

Вызваленыя палітвязні Андрэй Кузнечык і Алена Маўшук (дапоўнена)


12 лютага, Позірк. Аб вызваленні палітвязняў журналіста Андрэя Кузнечыка і Алены Маўшук, а таксама “грамадзяніна ЗША, імя якога пакуль не раскрываецца” паведамляецца ў тэлеграм-канале дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Навіны палітык назвала “цудоўнымі”, а вызваленых — “закладнікамі рэжыму”.

“Мне паведамілі, што ўсе трое ўжо ў бяспецы, у Вільнюсе, — адзначыла Ціханоўская. — Ім дапамагаюць прадстаўнікі амерыканскай амбасады [у Літве], а Алену Маўшук прадстаўнікі офіса і кабінета ўжо вязуць у бяспечнае месца, дзе яна атрымае ўсю неабходную падтрымку”.

Дэмлідар выказала падзяку прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, дзяржсакратару Марка Рубіа і Дзярждэпартаменту за “сумесныя намаганні, якія зрабілі гэта магчымым”.

“Радая, што зняволеныя зноў змогуць убачыць сем’і і блізкіх пасля доўгіх дзён за кратамі. Урэшце кожны абдыме сваіх родных. Мы будзем змагацца за вызваленне кожнага”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Таксама апублікавана відэа з салона аўтамабіля з Маўшук і галоўным дарадцам Ціханаўскай Франакам Вячоркай.

Неназваным пакуль амерыканскім грамадзянінам, які выйшаў на волю ў Беларусі, можа быць 47-гадовы юрыст Юрый Зянковіч.

17 студзеня на тэлеканале АНТ у рамках прапагандысцкага праекту “Свабода слова” было паказана інтэрв’ю з ім. У эфіры ён быў прадстаўлены як “амерыканскі адвакат, палітолаг, эксперт”. Інтэрв’ю запісвалася на волі, мужчына быў апрануты ў строгі гарнітур. Раней на выйшлі інтэрв’ю з журналістамі, якія супрацоўнічалі з “Радыё Свабода” (Кузнечыкам, Ігарам Лосікам і Ігарам Карнеем).

46-гадовы на сёння фрылансер “РС” Кузнечык быў затрыманы 25 лістапада 2021 года. 8 чэрвеня 2022 года ў Магілёўскі абласны суд прыгаварыў яго паводле ч. 1 арт. 3611 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) да шасці гадоў пазбаўлення волі.

48-гадовую на дадзены момант Маўшук затрымалі 10 жніўня 2020 года. 30 красавіка 2021 года Суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў яе вінаватай паводле ч. 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) і прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронца паведамлялі пра сур’ёзныя праблемы з яе здароўем. Муж брастаўчанкі асуджаны па той жа крымінальнай справе на 6,5 года пазбаўлення волі.

Не выключана, што вызваленне магло быць часткай чарговага амерыкана-расійскага абмену зняволенымі: 11 лютага стала вядома, што ўлады РФ вызвалілі і перадалі ЗША 63-гадовага настаўніка Марка Фогеля, асуджанага ў Расіі на 14 гадоў па абвінавачанні ў кантрабандзе наркотыкаў.

Падзяліцца: