Мінск 05:52

Портнікаў: Наіўна думаць, што паслабленне амерыканскіх санкцый паўплывае на адносіны Лукашэнкі і Пуціна

Фота: старонка Віталя Портнікава ў "Фэйсбуку"

16 лютага, Позірк. Анансаваная ў СМІ “маштабная здзелка” паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам можа прынесці дывідэнты прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну. Такую думку выказаў на сваім ютуб-канале 16 лютага ўкраінскі палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў.

Паводле яго слоў, Лукашэнку гэтая здзелка цікавая па некалькіх прычынах.

Па-першае, яна “прадэманструе, што ізаляцыя беларускага рэжыму, якая доўжылася з 2020 года і практычна пазбавіла Лукашэнку магчымасці манеўравання паміж Масквой, Пекінам і Захадам, прарваная”.

Па-другое, адзначыў Портнікаў, Лукашэнка “не адмовіцца ад дадатковых паступленняў у беларускі бюджэт, які ён на працягу трох дзесяцігоддзяў разглядае як сваю асабістую казну”.

“Але і Дональд Трамп можа быць зацікаўлены ў дамоўленасцях з Лукашэнкам. І не толькі палітвязні могуць быць вызваленыя. <…> Але і таму, што новая адміністрацыя можа разлічваць такім чынам аслабіць залежнасць беларускага рэжыму ад расійскага кіраўніцтва. І такім чынам аслабіць пазіцыі самой Расіі на постсавецкай прасторы і ў Еўропе”, — сказаў эксперт.

Аднак, падкрэсліў ён, “як раз гэты разлік з’яўляецца дастаткова ўмоўным”. “У Вашынгтоне могуць проста не разумець, да якіх кардынальных пераменаў прывялі тыя выбары [ў 2020 годзе], якія большасць беларусаў успрыняла як грубую фальсіфікацыю іх волі. І справа тут зусім не толькі ў тым, што Лукашэнка пазбавіўся магчымасці манеўраваць паміж Расіяй, Кітаем і заходнімі краінамі і стаў цалкам залежаць ад РФ. А ў тым, што беларускі дыктатар пераканаўся, што народ, на падтрымку якога ён разлічваў цягам дзесяцігоддзяў, усё ж выступае супраць яго кіравання”, — заявіў Портнікаў.

На яго думку, “карэнная змена” ў настроях беларусаў у 2020 годзе “прывяла да карэннай змены ў поглядах на жыццё самога Лукашэнкі”, які “зразумеў, што зможа ўседзець толькі на расійскіх штыках”. “Калі гэтая расійская падтрымка аслабне, то зноў ўзмоцняцца пратэстныя настроі ў грамадстве, якое нават змірылася з сілай рэжыму”, — удакладніў эксперт.

Крамлёўская падтрымка Мінска, паводле яго слоў, сёння палягае “не толькі ў фінансах, не толькі ў эканоміцы, але і ў гатоўнасці заўсёды прыйсці на дапамогу”. Масква абароніць саюзніка, калі яму “будзе што-небудзь пагражаць”, “калі беларусы зноў збяруцца з сіламі і выйдуць на вуліцы <…> з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі і спынення таго ганебнага кіравання, якое на доўгія дзесяцігоддзі ператварыла Беларусь у савецкі запаведнік у цэнтры Еўропы”, адзначыў Портнікаў.

“ЗША, нават калі яны саслабляюць санкцыі супраць беларускага рэжыму, не могуць даць Лукашэнку той падтрымкі, якую здольная аказаць яму Расія. Менавіта таму, што ва Уладзіміра Пуціна няма ніякіх сумневаў, што аўтарытарныя лідары павінны трымацца разам і разам змагацца з уласнымі народамі”, — сказаў аглядальнік.

У Вашынгтоне, паводле яго пераканання, дапамагаць Лукашэнку ў крызіснай сітуацыі “ніхто не захоча”, нават “калі камусьці прыйдзе ў галаву”, што ён з’яўляецца “каштоўным саюзнікам” ЗША ў Еўропе.

“Уявіць сабе, што адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным могуць быць якім-небудзь чынам змененыя, калі Злучаныя Штаты аслабяць свой санкцыйны ціск на Беларусь… Гэта дастаткова наіўнае ўяўленне аб існых рэаліях”, — падкрэсліў эксперт.

Пры гэтым, паводле яго слоў, змякчэннем санкцый супраць фінансавай сістэмы Беларусі можа скарыстацца Пуцін.

“Яму гэта сапраўды на руку, таму што да 2020 года і нават 2022-га Беларусь заставалася зручным акном для расійскіх фінансавых і эканамічных махінацый. І чым шырэй будзе расчыненае гэтае акно ў бок ЗША, тым лягчэй будзе абыходзіць наступствы санкцый супраць Расіі самому Пуціну”, — рэзюмаваў Портнікаў.

Напярэдадні паведамлялася, што падчас візіту ў Мінск 12 лютага намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт сустракаўся з Лукашэнкам і старшынём КДБ Іванам Церцелем. Паводле звестак The New York Times, гэта “была першая сустрэча спадара Лукашэнкі з высокапастаўленым чыноўнікам Дзярждэпартамента за пяць гадоў і пачатак таго, што можа стаць вельмі важным адтайваннем замарожаных адносін паміж Злучанымі Штатамі і найбліжэйшым саюзнікам Расіі”.

У публікацыі апісваецца вываз Смітам вызваленых палітвязняў Андрэя Кузнечыка і Ірыны Маўшук, а таксама грамадзяніна ЗША, імя якога па-ранейшаму не называецца.

На наступны дзень, паводле інфармацыі выдання, прадстаўнік Дзярждэпартамента правёў у Вільнюсе брыфінг для дыпламатаў.

“Наступным крокам, сказаў спадар Сміт, ⟨ … ⟩ паводле слоў людзей, якія [там] прысутнічалі, з’яўляецца магчымая вялікая здзелка, у рамках якой спадар Лукашэнка вызваліць мноства палітычных зняволеных, уключаючы вядомых. Узамен Злучаныя Штаты аслабяць санкцыі ў дачыненні да беларускіх банкаў і экспарту калійных угнаенняў”, — сцвярджаецца ў публікацыі.

Інфармацыя атрыманая “на ўмовах ананімнасці”, Дзярждэп “не адказаў на пытанні” NYT “пра гэтыя падрабязнасці”.

Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, паведаміла Позірку, што артыкул грунтуецца ў асноўным на рэальнай інфармацыі, але ўстрымалася ад далейшых каментароў “у сувязі з выключнай адчувальнасцю тэмы”.

Афіцыйнай інфармацыі аб сустрэчах Сміта або якіх-небудзь іншых членаў дэлегацыі ЗША з Лукашэнкам альбо Церцелем няма.

12 лютага, у дзень іх візіту, Лукашэнка не ўдзельнічаў у публічных мерапрыемствах — яго прэс-служба паведамляла толькі аб падпісанні ім указа аб прысваенні воінскіх званняў.

Падзяліцца: