Мінск 18:45

Амаль з двухтыднёвым спазненнем створаны “часовы рэспубліканскі штаб” па правядзенні Года добраўпарадкавання

21 лютага, Позірк. Зацвердзіць “рэспубліканскі план мерапрыемстваў” і стварыць “часовы рэспубліканскі штаб” па правядзенні ў 2025 годзе Года добраўпарадкавання распарадзіўся ўрад. Адпаведная пастанова ад 18 лютага № 97 апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 21 лютага.

У дакуменце зазначаецца, што пасяджэнні штаба будуць праводзіцца не радзей як адзін раз у квартал, яго рашэнні “афармляюцца пратаколамі і даводзяцца да дзяржаўных органаў”.

У склад часовага органа ўключана 18 чалавек, сярод якіх намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак (старшыня), міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк (намеснік), прадстаўнікі Мінпрама, Мінархітэктуры, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, Мінтранса, Мінсельгасхарча, усіх аблвыканкамаў.

Сярод іншых, у склад штаба ўключаны міністр інфармацыі Марат Маркаў. Ведамства будзе адказваць за “арганізацыю шырокага і своечасовага інфармавання насельніцтва праз сродкі масавай інфармацыі аб выкананні мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні”.

План уключае ў сябе 47 пунктаў, абазначае запланаваныя мерапрыемствы, крыніцы іх фінансавання, выканаўцаў, а таксама ведамствы, якія будуць кантраляваць іх ход.

Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 1 сакавіка 2026 года павінна будзе забяспечыць падвядзенне вынікаў Года добраўпарадкавання “з выбарам лепшых абласцей, раёнаў, населеных пунктаў” і прадставіць вынікі ў Савет міністраў.

9 студзеня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 1, якім 2025 год аб’явіў Годам добраўпарадкавання.

Былі анансаваныя “маштабныя меры, у тым ліку па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, вытворчых аб’ектаў, падтрыманні ў належным стане тэрыторый уздоўж аўтамабільных дарог і чыгунак” і “не менш як два рэспубліканскія суботнікі”.

Зацвердзіць “рэспубліканскі план мерапрыемстваў” ураду было даручана “ў месячны тэрмін”.

Падзяліцца: