Мінск 18:15

“Экстрэмісцкім фарміраваннем” прызнаная ініцыятыва Зянона Пазьняка “Вольная Беларусь”

Зянон Пазьняк
Архіўны стоп-кадр (навагодні відэазварот): "Позірк"

21 лютага, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў 21 лютага прызнала “экстрэмісцкім фарміраваннем” “групу грамадзян з ліку кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху “Вольная Беларусь”, вынікае з абноўленага пераліку на сайце ведамства (агульная колькасць “экстрэмісцкіх фарміраванняў” дасягнула 262).

Датычным да “экстрэмісцкага фарміравання” названыя Зянон Пазьняк, Алена Самусева, Віктар Каралькоў, інтэрнэт-рэсурсы, звязаныя з ініцыятывай, паштовыя скрыні, асабістыя старонкі згаданых асоб у сацыяльных сетках, а таксама “лагатып у выглядзе фотаздымка акцыі пратэсту 2020 года, на якім адлюстраваныя бел-чырвона-белыя палотнішчы з сімволікай “Пагоня”.

9 лютага ў відэазвароце Пазьняк заклікаў заходнія краіны пачаць перамовы з афіцыйным Мінскам наконт вызвалення беларускіх палітычных зняволеных. Пазьняк чарговы раз раскрытыкаваў стратэгію санкцыйнага ціску дзеля вызвалення людзей, якая, на яго думку, “не працуе”.

“Другі падыход — ён існуе. Гэта падыход, які ўжываецца ў адносінах да тэрарыстаў”, — заявіў ён.

Прыраўняўшы прадстаўнікоў кіруючага рэжыму да такіх, Пазьняк выказаўся за “шлях перамоваў” з прапановай “пэўных абменных элементаў”.

Аналагічныя тэзісы палітык прывёў на закрытай прэс-канферэнцыі 20 лютага ў Варшаве, куды былі запрошаныя дыпламаты з Канады, Бельгіі, Нідэрландаў, Германіі, Францыі, Румыніі, Чэхіі, Латвіі, Літвы, а таксама некаторыя СМІ.

Пазьняк заявіў, што палітыка “татальных санкцый” паказала сваю неэфектыўнасць.

На яго думку, санкцыі могуць выкарыстоўвацца толькі да ваеннай прамысловасці, якая дапамагае Расіі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Санкцыі ж, якія закранаюць малочную прадукцыю, медыцыну, “Беларуськалій”, чыгунку, “Белавія” і іншыя сферы, “б’юць па ўсім народзе, і такіх санкцый не павінна быць”.

Раней у інтэрв’ю “Радыё Свабода” Пазьняк прызнаў, што памыліўся наконт нядаўна вызваленай палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, дзеля вызвалення якой “фактычна двойчы звяртаўся да Лукашэнкі”.

“Я — яго галоўны палітычны апанент. І я пераступаю праз сябе і прашу яго: “Выпусці гэтую жанчыну”. Ну, выпусціў. Гэта жанчына пасмяялася з мяне, сказала: “Гэта ўсё глупства, хто там Пазьняка слухае” і гэтак далей”, — заявіў ён.

На думку Пазьняка, у зняволенні можна падпісваць любыя прашэнні аб памілаванні, бо “грош ім цана — галоўнае выйсці”. Аднак падпісваць згоду на супрацоўніцтва з КДБ — “гэта табу, гэта закон, гэтага рабіць нельга”.

Паліна Шарэнда-Панасюк у адказ на яго заяву прапанавала палітыку заняць месца палітвязняў. На яе думку, палітзняволеныя — гэта “захопленыя акупацыйным рэжымам закладнікі”. Закладнікамі яны перастаюць быць толькі ў пяці выпадках: “іх выкупляюць, іх абменьваюць, іх вызваляюць у выніку сілавой аперацыі па вызваленні закладнікаў / ультыматыўнага ціску на захопнікаў, іх забіваюць, яны забіваюць сябе самі”.

Падзяліцца: