Мінск 18:12

У стане алкагольнага ап’янення ў Беларусі здзяйсняецца больш за 75% забойстваў і разбояў — МУС

22 лютага, Позірк. Доля забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, разбояў, хуліганстваў, злачынстваў у сферы дамашняга гвалту, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, перавышае 75% ад агульнай колькасці гэтых злачынстваў, паведаміў намеснік міністра — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Юрый Назаранка на пасяджэнні калегіі ведамства 21 лютага.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба ведамства, агулам стала менш парушэнняў у стане алкагольнага ап’янення, тым не менш кожнае другое дзеянне па лініі крымінальнага вышуку здзейснена ў нецвярозым выглядзе.

“Прынятыя ў мінулым годзе меры дазволілі захаваць кантроль над аператыўнай абстаноўкай, а па шэрагу пазіцый дамагчыся яе паляпшэння. Вынік: на чвэрць знізілася колькасць пацярпелых ад злачынстваў. Скарацілася і колькасць загінуўшых”, — сказаў Назаранка.

Кіраўнік МУС Іван Кубракоў запатрабаваў ад супрацоўнікаў надаць павышаную ўвагу асобам, не занятым у эканоміцы, у тым ліку тым, хто знаходзіцца на ўліку ў органах унутраных спраў, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, а таксама раней судзімым.

Па выніках судовых разбіральніцтваў летась асуджана 31.410 чалавек (годам раней — 33.777, у 2022-м — 36.356), паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

За злачынствы супраць жыцця і здароўя асуджана 1.974 чалавекі (2.261 годам раней), з іх 174 — за забойства (арт. 139 КК; у 2023-м — 237), 519 — за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 147; 553), 344 — менш цяжкага (арт. 149; 392), 328 — лёгкага (арт. 153; 400).

487 чалавек асуджана за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды (522 годам раней), у тым ліку 50 — за згвалтаванне (арт. 166; 66), 133 — за гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару (арт. 167; 139).

Падзяліцца: