Мінск 18:55

Старшыні мясцовых выканкамаў атрымалі права ўзгадняць кіраўнікоў арганізацый усіх форм уласнасці

Бабруйскі гарвыканкам (Магілёў)
Ілюстратыўнае фота: Андрэй Букаты, foto-planeta.com

22 лютага, Позірк. Старшыні раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў (абласнога падпарадкавання), атрымалі права ўзгадняць прызначэнне кіраўнікоў арганізацый на даручанай тэрыторыі, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці, вынікае з указа ад 21 лютага 2025 года № 74 “Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў”, апублікаванага на сайце.

У дакуменце гаворыцца, што яны будуць узгадняць кандыдатуры на пасады:

— кіраўнікоў размешчаных на адпаведнай тэрыторыі арганізацый, філіялаў і іншых адасобленых падраздзяленняў арганізацый (іх структурных падраздзяленняў) па пераліку, які вызначаецца адпаведным выканкамам (у яго не ўключаюцца кіраўнікі арганізацый, якія з’яўляюцца адзіным уласнікам маёмасці арганізацыі);

— намеснікаў кіраўнікоў арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай уласнасці адпаведнага раёна, горада, “паводлепераліку”;

— галоўных спецыялістаў сельскагаспадарчых арганізацый “паводле пераліку”.

Указаныя выканкамы таксама, згодна з указам, “узгадняюць прызначэнне і вызваленне ад пасад кіраўнікоў раённых, гарадскіх, раённых у горадзе тэрытарыяльных органаў дзяржаўных органаў (акрамя органаў дзяржаўнай бяспекі), ваеннага камісара горада, раёна”.

Абласныя выканкамы “ўзгадняюць прызначэнне на пасады (вызваленне ад пасад) кіраўнікоў міжраённых тэрытарыяльных органаў дзяржаўных органаў (акрамя органаў дзяржаўнай бяспекі)”.

На ўзгадненне даецца 10 працоўных дзён “з дня паступлення матэрыялаў”.

Па запрашэнні старшыні выканкама на яго тэматычных пасяджэннях можа прысутнічаць пракурорскі работнік “з правам дарадчага голасу”.

Старшыні выканкамаў таксама атрымалі права прыцягваць юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян да “выканання ўласнымі сіламі або за кошт уласных сродкаў работ па добраўпарадкаванні зямель агульнага карыстання, якія прылягаюць да прадастаўленых ім зямельных участкаў”.

Як паведамлялася напярэдадні, старшыні рай- і гарвыканкамаў па ўказе атрымалі права выносіць пісьмовыя патрабаванні (прадпісанні) аб устараненні парушэнняў заканадаўства і аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці работнікаў.

Па ўзгадненні з рай-, гарвыканкамамі цяпер павінны прымацца рашэнні, якія “прадугледжваюць спыненне дзейнасці важных для раёна аб’ектаў або прыпыненне дзейнасці арганізацый”.

Таксама спрашчаюцца правілы рэалізацыі агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў, у асноўным пяску, грамадзянам для ўласных патрэб, а таксама арганізацыям для добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый, сельскагаспадарчых аб’ектаў.

Указ уступае ў сілу з 1 сакавіка.

Старшыні райвыканкамаў будуць адказныя “за ўпраўленне па ўсіх напрамках, у тым ліку і прыватным сектарам”, заявіў Лукашэнка 6 лютага на нарадзе па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання статусу кіраўнікоў мясцовых органаў улады.

Кіраўнік яго адміністрацыі Дзмітрый Круты тады паведаміў, што старшыні райвыканкамаў будуць узгадняць кіраўнікоў арганізацый усіх форм уласнасці, а таксама мясцовых тэрытарыяльных органаў (за выключэннем сістэмы КДБ): “Узгадненне не будзе тычыцца невялікіх арганізацый, напрыклад, цырульні або аптэкі”.

Падзяліцца: