Мінск 18:51

Ксяндза Мальца з Ліды затрымалі за “падпіску на экстрэмісцкія рэсурсы”

24 лютага, Позірк. Вікарыя каталіцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Гродзенская вобласць) Дзмітрыя Мальца затрымалі за падпіскі на рэсурсы, якія ўлады прызналі “экстрэмісцкімі”, паведамляе тэлеграм-канал ініцыятывы “Хрысціянская візія”.

Адзначаецца, што 24 лютага святара будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

Варта адзначыць, што ў раскладзе суда Лідскага раёна на партале электроннага судаводства працэс па справе гэтага ксяндза не фігуруе.

Раней Малец служыў у Навагрудку (Гродзенская вобласць). У 2023 годзе яго планавалі прызваць на тэрміновую вайсковую службу, у касцёле з гэтай нагоды адбылася развітальная імша. Аднак рашэнне было скасаванае.

У апошнія гады ўлады масава прызнаюць “экстрэмісцкімі матэрыяламі” любую крытыку на свой адрас.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

Паводле даных “Хрысціянскай візіі”, з 1 верасня 2020 года да 30 лістапада 2024-га з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 31 прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Некаторыя хрысціянскія служыцелі былі вымушаныя пакінуць краіну, асобныя знаходзяцца ў няволі ў рамках палітычна матываваных крымінальных справаў і прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Напрыклад, напрыканцы снежня 2024 года Мінскі абласны суд прыгаварыў да 11 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 356 КК (здрада дзяржаве) 64-гадовага каталіцкага святара, пробашча касцёла ў Валожыне Генрыха (Генадзя) Акалатовіча.

Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі цяпер узначальвае арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ў стасунках з уладамі паводзіць сябе ў пэўнай ступені стрымана, але ўсё ж адзначаецца кампліментарнымі выказваннямі на іх адрас. У сваю чаргу рэжым Лукашэнкі актыўна прыцягвае іерарха да праўладных мерапрыемстваў і імкнецца прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў.

Падзяліцца: