Мінск 16:45

Лукашэнка бачыць перспектывы павелічэння гандлю з Дамініканай

27 лютага, Позірк. Мінск “высока цэніць канструктыўныя і паважлівыя адносіны з Санта-Дамінга”, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні “ад імя беларускага народа і сябе асабіста” прэзідэнту Дамініканскай Рэспублікі Луісу Радольфа Абінадэру Кароне з Днём незалежнасці.

“Прыемна адзначыць, што сённяшнія поспехі Дамініканскай Рэспублікі ў эканамічнай і сацыяльнай сферах, а таксама значныя вынікі яе развіцця ў турыстычнай галіне па праве выводзяць краіну ў лік лідэраў сярод дзяржаў Карыбскага басейна”, — гаворыцца ў віншаванні, распаўсюджаным прэс-службай Лукашэнкі.

Ён адзначыў “добрыя перспектывы для актывізацыі супрацоўніцтва, асабліва ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, у мэтах павелічэння гандлю”.

1 кастрычніка 2024 года ён прыняў даверчыя граматы пасла Дамініканскай рэспублікі Арыяса Сарсуэлы. Дыпламат прадстаўляе інтарэсы краіны ў Расіі і па сумяшчальніцтве ў Беларусі.

У верасні 2023 года Лукашэнка сваім указам ухваліў у якасці асновы для правядзення перамоваў праект міжурадавага пагаднення з Дамініканскай Рэспублікай аб узаемнай адмене віз. Правесці адпаведныя перагаворы даручана Міністэрству замежных спраў. Аб выніках перамоваў не паведамлялася.

Дыпламатычныя адносіны паміж Мінскам і Санта-Дамінга ўстаноўлены 18 красавіка 2001 года.

За прадстаўленне інтарэсаў Беларусі ў Дамінікане адказвае пасольства ў Рэспубліцы Куба. Паводле інфармацыі на сайце дыпламатычнай місіі, структура беларускага экспарту ў краіну “нязначная і фарміруецца за кошт трактароў, аўтамабільнай тэхнікі, запасных частак і шын”. У зваротным кірунку ідуць “моцныя спіртныя напоі, кава, садавіна, раслінныя тлушчы і масла”.

У 2021 годзе ўзаемны тавараабарот складаў каля 8,5 млн долараў, з якіх прыкладна 7,5 млн прыпадала на беларускія пастаўкі. Актуальных звестак па ўзаемным гандлі ў адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: