Мінск 22:03

Акаўнты ўкраінскага журналіста Гардона ў сацсетках прызнаныя ў Беларусі “экстрэмісцкімі” праз 6 дзён пасля крытыкі ім Лукашэнкі

Дзмітрый Гардон (справа) бярэ інтэрв'ю ў Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні 2020 года
Фота: сайт Лукашэнкі

27 лютага, Позірк. Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі” сацсеткі ўкраінскага журналіста Дзмітрыя Гардона, паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.

21 лютага Гардон у эфіры ўкраінскага “24 канала“ выказаў меркаванне, што “геапалітычная задача“ Уладзіміра Пуціна — “падпарадкаванне і кантроль над Украінай, Беларуссю, Грузіяй, Арменіяй і Малдовай“.

“Краіны Балтыі ўжо адарваліся. А гэтыя краіны, якія я пералічыў, — гэта яго была глабальная мэта”, — сказаў Гардон.

Паводле яго слоў, Украіну ніколі не збіраліся браць у НАТО, таму Пуцін хацеў яе скарыць і “аднавіць умоўны Савецкі Саюз“.

“Я хачу падкрэсліць, што мэта заваяваць Украіну нікуды не падзелася. Ён (Пуцін. — “Позірк”.) па-ранейшаму хоча быць у Кіеве, ён па-ранейшаму хоча, каб Украіна стала часткай Расіі. Мы не павінны расслабляцца ў гэтым плане. Яго мэты не змяніліся. І я і жартам, і сур’ёзна кажу, чаму самы галоўны прыхільнік перамогі Украіны ў гэтай вайне — Лукашэнка. Таму што калі ўпадзе Украіна, не дай бог, пастукаю тры разы па дрэве, то Лукашэнка проста ў тую ж хвіліну стане часткай Расіі. Ён нават не заўважыць, як гэта адбылося. А так ён яшчэ боўтаецца дзякуючы Украіне”, — лічыць Гардон.

Гэтае інтэрв’ю на яго ютуб-канале “У гасцях у Гордана“ (4,37 млн падпісчыкаў) набрала 250 тыс. праглядаў, на ютуб-канале “Дзмітрый Гардон“ (3,38 млн падпісчыкаў) — 73 тыс., на “24 канале“ у “Ютубе“ — 380 тыс.

5 жніўня 2020 года, за чатыры дні да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, Гардон узяў інтэрв’ю ў Лукашэнкі, які тады заявіў, што з беларускай тэрыторыі расіяне не ўвойдуць ва Украіну “ні-ко-лі“, “тым больш са зброяй“. 24 лютага 2022 года частка расійскіх войскаў уварвалася ва Украіну з Беларусі.

Пасля падзей жніўня 2020 года Гордан неаднаразова крытыкаваў Лукашэнку, у тым ліку за саўдзел у расійскай агрэсіі. 1 сакавіка 2022 года, праз 5 дзён пасля пачатку расейскай агрэсіі, беларускія ўлады ў асобе Міністэрства інфармацыі заблакавалі доступ на тэрыторыі краіны да створаных Горданам інтэрнэт-СМІ.

У незалежных СМІ адзначаюць, што пасля прызнання сацсетак Гардона “экстрэмісцкімі“ такім з’яўляецца і інтэрв’ю Лукашэнкі яму. У чаце аднаго з набліжаных да сілавікоў тэлеграм-каналаў на прамое пытанне “А інтэрв’ю яго з Лукашэнкам можна посціць?” быў дадзены адказ: “У вас такая неабходнасць паўстала адразу пасля прызнання? Ну паспрабуйце, толькі без спасылак на сам канал”.

Падзяліцца: