Мінск 21:53

“З пачатку 2024 года” МАРГ ініцыяваў блакаванне 84 інтэрнэт-рэсурсаў

27 лютага, Позірк. “З пачатку 2024 года” (так пазначана ў прэс-рэлізе) Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) ініцыявала абмежаванне доступу да 84 інтэрнэт-рэсурсаў.

Адзначаецца, што адпаведныя паведамленні накіраваныя ў Міністэрства інфармацыі.

“Гэтыя меры былі прынятыя МАРГ у сувязі з распаўсюджваннем на замежных інтэрнэт-рэсурсах неналежнай рэкламы, накіраванай на беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў“, — заявіла ведамства.

Найбольш распаўсюджанымі парушэннямі названыя рэклама прэпаратаў, якія насамрэч не з’яўляюцца лекамі; незаконнае выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі Беларусі, увядзенне ў зман спажыўцоў рэкламы ў мэтах выманьвання персанальных дадзеных спажыўцоў рэкламы (інтэрнэт-рэсурсы, якія імітуюць сайты вядомых беларускіх банкаў, паштовых аператараў і інш.); выкарыстанне ў рэкламе выявы таварнага знака, найменні арганізацыі без згоды праваўладальніка на такое выкарыстанне; рэклама сэксуальных паслуг і інш.

Паводле звестак Мінінфарма, на верасень 2024 года ў Беларусі быў заблакаваны доступ амаль да 14 тыс. інтэрнэт-рэсурсаў, больш за 5 тыс. інтэрнэт-рэсурсаў прызнаныя “экстрэмісцкімі”. Са студзеня 2015-га па студзень 2020-га было заблакавана каля 400 інтэрнэт-рэсурсаў, пасля гэтага колькасць блакаванняў павялічылася ў 10 разоў.

Падзяліцца: