Мінск 01:19

Кабанчук: Няма ніякіх падстаў давяраць афіцыйнаму Мінску, калі ён заяўляе пра “планавыя вучэнні” або “штатныя манеўры”

Вадзім Кабанчук
Фота: "Позірк"

27 лютага, Позірк. На фоне экспансійнай вайсковай палітыкі Расіі і яе адкрытай агрэсіі супраць Украіны любое перамяшчэнне войскаў і тэхнікі па тэрыторыі Беларусі нясе пагрозу. Няма ніякіх падстаў давяраць афіцыйнаму Мінску, калі ён заяўляе пра “планавыя вучэнні” або “штатныя манеўры”, заявіў прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Вадзім Кабанчук.

Кабанчук, якога цытуе прэс-служба АПК, нагадаў нядаўнюю інфармацыю “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”, што ў краіне фармуюцца воінскія эшалоны і перавозка войска можа мець значны маштаб. Паводле атрыманай інфармацыі, на станцыі Багатырова каля Мінска пачаўся адбор пасажырскіх вагонаў для Міністэрства абароны, ужо падрыхтавана 48 адзінак. Адначасова пададзеныя заяўкі на грузавыя вагоны для перавозкі вайсковай тэхнікі, боепрыпасаў і іншага абсталявання.

У 2022 годзе “пад прыкрыццём вучэнняў Беларусь ужо стала пляцоўкай для ўварвання ва Украіну”, падкрэсліў Кабанчук.

26 лютага была ратыфікаваная дамова паміж Мінскам і Масквой аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

“Гэты дакумент дае Расіі права ствараць вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі і замацоўвае яе магчымасць выкарыстоўваць Беларусь у сваіх ваенных мэтах. У выпадку ваеннага сутыкнення бакі будуць разглядаць напад на любога з іх як акт агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы”, — адзначыў Кабанчук.

Паводле наяўных звестак, як адзначыў прадстаўнік АПК, паміж беларускай і расійскай чыгункай праведзеныя ўніфікацыйныя мерапрыемствы для павелічэння прапускной здольнасці чыгуначных шляхоў.

“Чыгунка — самы хуткі і эфектыўны спосаб разгортвання вайсковага кантынгенту, таму такая інфармацыя заслугоўвае асаблівай увагі. Таму сітуацыя адсочваецца, аднак на дадзены момант няма прыкмет непасрэднай эскалацыі. Ключавым сігналам да прыняцця далейшых рашэнняў стане значнае накапленне жывой сілы і тэхнікі з боку суагрэсараў”, — адзначыў прадстаўнік АПК.

26 лютага Палата прадстаўнікоў прыняла, а Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект “Аб ратыфікацыі Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы”.

Дзеянне законапраекта нібыта скіраванае на абарону грамадзян Беларусі і РФ “ад пагроз і правакацый”.

Паводле слоў старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергеенкі, падпісанне дагавора прывяло да таго, што супраца па ўмацаванні абаронных патэнцыялаў дзвюх краін “выйшла на яшчэ больш высокі ўзровень”.

26 лютага Савет Федэрацыі (СФ) Расіі на пленарным пасяджэнні ратыфікаваў дагавор з Беларуссю аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Член камітэта СФ па абароне і бяспецы Таймураз Мамсураў, які выступіў дакладчыкам па дакуменце, заявіў, што дагавор “носіць абарончы характар і не скіраваны супраць якіх-небудзь краін і аб’яднанняў”.

18 лютага дакумент, унесены на разгляд прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, ратыфікавала ніжняя палата парламента — Дзяржаўная Дума.

Гл. таксама па тэме:

Прэзідэнт Літвы заявіў, што не баіцца расійска-беларускіх вучэнняў

Падзяліцца: