Мінск 02:09

Ворыхава: Прынцыпова, каб беларусы мелі роўны доступ да адукацыі ў Еўропе, не губляючы сваёй культуры

27 лютага, Позірк. Падтрымка адукацыйных праектаў для беларусаў за мяжой з’яўляецца безумоўным прыярытэтам дэмсіл, заявіў в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Баркоўскі па выніках сустрэчы прадстаўнікоў АПК з кіраўніцай Дэпартамента адукацыі Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы Іалантай Навіцкайце.

“Скарынаўская гімназія ў Літве — гэта добры прыклад менавіта такога, фактычна ўнікальнага праекта школы з беларускай мовай навучання па-за межамі краіны. Для беларусаў, якія цяпер вымушана знаходзяцца ў Літве магчымасць аддаваць сваіх дзяцей менавіта ў беларускую гімназію, гэта істотны крок для захавання ідэнтычнасці і прыналежнасці да нашай культуры”, — цытуе Баркоўскага прэс-служба АПК.

“Для нас прынцыпова, каб беларусы, вымушаныя пакінуць сваю краіну з-за рэпрэсій, мелі роўны доступ да адукацыі і магчымасці інтэграцыі ў Еўропе, не губляючы сваёй мовы і культуры”, — адзначыла па выніках сустрэчы прадстаўніца АПК па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава.

Бакі таксама абмеркавалі прыняцце ў Літве новага заканадаўства і яго ўплыў на дзейнасць школ для нацыянальных меншасцей, магчымасці інтэграцыі беларускай моладзі ў літоўскую сістэму адукацыі і арганізацыі адпаведных моўных курсаў, павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, якія вядуць заняткі з беларускімі дзецьмі, сумесныя з Вільносам адукацыйнвя праекты.

Паводле слоў Навіцкайце, якія перадае АПК, падыход да адукацыі нацыянальных меншасцей з увядзеннем новага заканадаўства “не зменіцца”: “Прадстаўніца міністэрства запэўніла, што ніякіх абмежаванняў для існуючых школ нацыянальных меншасцей, у тым ліку віленскай гімназіі імя Францыска Скарыны, не плануецца. Школа працягне сваю дзейнасць у звычайным рэжыме, захоўваючы навучанне на беларускай мове”.

Міністэрства, як паведамляецца, рыхтуе новы двухгадовы план, які прадугледжвае павелічэнне колькасці гадзін вывучэння дзяржаўнай (літоўскай) мовы для школ нацыянальных меншасцей, аднак гэта не павінна адбывацца за кошт скарачэння гадзін, адведзеных на вывучэнне роднай мовы.

Навіцкайце “адзначыла важнасць інтэграцыі беларускай моладзі ў літоўскую сістэму адукацыі і магчымыя выклікі ў гэтым працэсе”: “Яна распавяла пра захады, якія прымаюцца, каб зрабіць гэты працэс як мага больш гладкім, асабліва ў частцы вывучэння літоўскай мовы, якая з’яўляецца абавязковым прадметам на выпускных экзаменах для ўсіх літоўскіх школьнікаў. Індвідуальныя запыты ў Міністэрства адукацыі, навукі і спорту разглядаюцца спецыяльнай камісіяй, якая можа вызваліць выпускнікоў ад гэтага экзамену, калі яны вучыліся ў літоўскай сістэме адукацыі толькі кароткі перыяд (да двух гадоў)”.

На 1 кастрычніка 2024 году дазвол на жыхарства ў Літве мелі 61.357 грамадзян Беларусі, станам на канец студзеня 46,6 тыс. грамадзян Беларусі было працаўладкавана ў краіне. Гэта найбуйнейшая замежная група работнікаў. 

Пры гэтым, у 2024 годзе 598 грамадзян Беларусі было прызнана пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы.

Падзяліцца: