Мінск 01:13

З-за аварыі на цэнтральнай магістралі Дзяржынск застаўся без ацяплення і гарачай вады

Ілюстрацыя: "Позірк"

19 сакавіка, Позірк. Прарыў на цэнтральных магістральных сетках здарыўся 19 сакавіка а 13:30 у Дзяржынску (Мінская вобласць), паведамляе партал Дзяржынскага раёна.

Адзначаецца, што праз аварыю “давялося цалкам адключыць ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне ва ўсім горадзе да заканчэння рамонтных работ“.

Акрамя таго, у сувязі з ліквідацыяй аварыі на вул. Пралетарскай быў часова перакрыты рух аўтатранспарту і арганізаваны аб’езд.

Пра поўную ліквідацыю наступстваў аварыі пакуль не паведамляецца.

Дзяржынск знаходзіцца за 30 км ад Мінска, яго насельніцтва дасягае амаль 30 тыс. чалавек.

Аварыя ў Дзяржынску стала як мінімум восьмай буйной аварыяй за апошнія тры тыдні, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу паведамленняў СМІ і дзяржструктур.

10 сакавіка “Мінскводаканал” паведамляў пра зніжэнне ціску ў вадаправоднай сетцы мікрараёнаў Уручча, Копішча, Новая Баравая, пасёлка Азярышча.

5 сакавіка прэс-служба Мінскага гарвыканкама паведамляла пра чарговае парушэнне працы камунальных сетак жыццезабеспячэння. Адзначалася, што з прычыны адключэння электраэнергіі ў мінскіх кабельных сетках з-за “зніжэння ціску на вадаправоднай сеткі“ перабоі з водазабеспячэннем мелі жыхары вуліц Мірашнічэнкі, Сядых, Лагойскі тракт, Гамарніка, Каліноўскага, Цікоцкага, Карбышава.

4 сакавіка частка Жодзіна (Мінская вобласць) засталася без электразабеспячэння з-за пашкоджання кабельнай лініі 10 кВ на Беларускім аўтамабільным заводзе.

У Мазыры (Гомельская вобласць) 27-28 лютага з-за падзення дрона (неафіцыйная інфармацыя) была пашкоджаная адна з высакавольтных ліній мясцовай ЦЭЦ, што прывяло да адключэння цеплазабеспячэння.

25 лютага з-за абрыву провада на паветранай лініі электраперадачы 110 кВ парушалася энергазабеспячэнне ў Першамайскім і Савецкім раёнах Мінска.

24 лютага “ў выніку тэхналагічнага парушэння ў працы абсталявання“ на падстанцыі “Кобрын-Заходняя“ (110 кВ) (Брэсцкая вобласць) “часова адсутнічала электразабеспячэнне часткі спажыўцоў раённага цэнтра”.

Ноччу 19 лютага ў Асіповічах (Магілёўская вобласць) здарылася аварыя, у выніку якой без водазабеспячэння засталося 16 тыс. спажыўцоў і 78 аб’ектаў эканомікі горада.

Падзяліцца: