Мінск 08:17

Ідэолагі сказілі гістарычныя факты ў матэрыялах пра Канстытуцыю да “адзінага дня інфармавання” — даследаванне

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 21 сакавіка 2025 года ў 11:29

Крыніца: "Белсат"

20 сакавіка, Позірк. Ідэолагі з Акадэміі кіравання пры прэзідэнце сказілі гістарычныя факты ў матэрыялах аб Канстытуцыі Беларусі да сакавіцкага “адзінага дня інфармавання“, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз.

Матэрыялы традыцыйна распрацаваныя для трох мэтавых груп: інтэлігенцыі, работнікаў прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі і моладзі.

У тэзісах для працоўных сцвярджаецца, што пасля рэферэндуму 14 траўня 1995 года (тады, паводле афіцыйных звестак, насельніцтва выказалася за наданне расейскай мове статусу дзяржаўнай, эканамічную інтэграцыю з Расіяй, вяртанне да савецкай дзяржсімволікі) “спробы прэзідэнцкай улады ўзяць грамадска-палітычную сітуацыю пад кантроль і вывесці краіну з крызісу натыкнуліся на супраціў парламенцкай фракцыі Беларускага Народнага Фронту і дэпутатаў, якія далучыліся да яе“. “Палітычная і эканамічная стабільнасць у краіне апынулася пад пагрозай. Нормы беларускай Канстытуцыі 1994 года не забяспечвалі дастатковы баланс інтарэсаў галін улады. Для выхаду з гэтай сітуацыі ў жніўні 1996 г. А.Р. Лукашэнка прапанаваў правесці рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, якія ператвараюць рэспубліку з парламенцка-прэзідэнцкай у прэзідэнцкую“, — пішуць ідэолагі.

Насамрэч у Вярхоўным Савеце 13-га склікання, які быў абраны ў 1995 годзе, не было ніводнага прадстаўніка БНФ. Фракцыя Беларускага Народнага Фронту існавала ў ВС папярэдняга склікання (1990-1995).

На сустрэчах з моладдзю інфармацыйна-прапагандысцкім групам рэкамендуецца распавядаць, што “гісторыя незалежнай Беларусі, якой мы яе ведаем сёння: па-сапраўднаму суверэннай дзяржавы з самастойнай знешняй і ўнутранай палітыкай“ пачалася з прыняццем Канстытуцыі 1994 года. Незалежнасць Беларусь атрымала ў 1991 годзе, а ў 1993-м будучы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў, што гатовы “на каленях паўзці да Расіі“ і “адзіны шанец для выратавання ад гібелі — стварэнне адзінай дзяржавы з былымі рэспублікамі СССР, перш за ўсё з Расіяй“. У 1995 годзе Лукашэнка вынес пытанне аб эканамічнай інтэграцыі з РФ на рэферэндум. У 1999-м ён падпісаў з Расеяй дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Пра ступень незалежнасці Беларусі сведчыць уварванне расійскіх войскаў з яе тэрыторыі ва Украіну ў 2022 годзе, а таксама рэгулярныя паездкі Лукашэнкі ў Маскву, прытым што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін вельмі рэдка наведвае Мінск.

У матэрыялах да Дня Канстытуцыі для рознай аўдыторыі ўтрымліваюцца ўзаемавыключальныя тэзісы. З аднаго боку, “пасля распаду Савецкага Саюза разрыў традыцыйных эканамічных сувязяў адбіўся на ўсіх галінах эканомікі“ (для моладзі), з другога, “маштабны эканамічны крызіс“ пачатку 1990-х гадоў быў выкліканы “неэфектыўнасцю савецкай мадэлі эканомікі” (для рабочых).

Канстытуцыя 1994 года, паводле версіі аўтараў метадычкі для рабочых, “устанавіла прынцыпы дэмакратычнага ладу (народаўладдзе, падзел уладаў, палітычны плюралізм, вяршэнства права), прыярытэт правоў і свабод чалавека, вяршэнства міжнароднага права“. У матэрыялах для моладзі сцвярджаецца, што “нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года не забяспечвалі дастатковы баланс інтарэсаў галін улады“, нібыта “ў той час развіццё Беларусі патрабавала ўдасканалення і ўмацавання прэзідэнцкай формы праўлення”.

Падкрэсліваецца, што Дзень Канстытуцыі “сярод дзяржаўных святаў <…>, безумоўна, займае асаблівае месца“. Аднак у метадычках няма тлумачэння, чаму гэты дзень не з’яўляецца выходным, хоць у лік непрацоўных уваходзіць 7 лістапада — “Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі“, якая адбылася ў перыяд, калі тэрыторыя сучаснай Беларусі не была самастойнай, а ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі.

Падзяліцца: