Мінск 09:32

Трэба памятаць пра Хатынь, каб ніхто не дзяліў людзей на правільных і няправільных, заявіў Каранік — прадстаўнік рэжыму, які сегрэгуе грамадзян

Відэа: прэс-служба Савета міністраў / Стоп-кадр: "Позірк"

22 сакавіка, Позірк. Жыхары Хатыні былі людзьмі, што мелі “вельмі шмат планаў”, жадалі “проста жыць на сваёй зямлі — вырошчваць хлеб, гадаваць дзяцей”, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік, наведваючы мемарыяльны комплекс “Хатынь” у 82-ю гадавіну Хатынскай трагедыі.

22 сакавіка 1943 года калабарацыянісцкі 118-ы батальён шуцманшафта (дапаможнай ахоўнай паліцыі) жывымі спаліў і расстраляў 149 жыхароў вёскі Хатынь (Лагойскі раён Мінскай вобласці), у тым ліку 75 дзяцей. Карнікі знішчылі паселішча паводле прынцыпу “калектыўнай адказнасці” — у адплату за абстрэл партызанамі калоны захопнікаў.

“Нехта вырашыў, што гэта няправільныя людзі, — сказаў Каранік пра загінулых жыхароў Хатыні (на падставе відэазапісу, апублікаванага прэс-службай Савета міністраў). — Нехта вырашыў, што можа адымаць нечае жыццё. <…> Мы павінны перадаць памяць пра гэтую трагедыю наступным пакаленням. Мы заўсёды павінны памятаць [пра яе], памятаць не для таго, каб помсціць, а каб не дазволіць нікому зноў пачаць дзяліць людзей на правільных і няправільных”.

Адметна, што пра недапушчальнасць дзялення людзей на “правільных і няправільных” кажа прадстаўнік рэжыму, які пасля падзей 2020 года выразна сегрэгуе грамадзян краіны на “сваіх” і “чужых”. Людзей, што паказалі нелаяльнасць, нярэдка звальняюць або не прымаюць на працу, актыўна пераследуюць у адміністрацыйным і крымінальным парадку. Улады і прапаганда дамагаюцца ад палітвязняў публічнага пакаяння.

Мноства людзей было вымушана пакінуць радзіму праз пагрозу рэпрэсій. Рэжым Лукашэнкі ахрысціў іх “беглымі”; перманентна спрабуе прадэманстраваць, як складана ім жывецца на чужыне, часам адмаўляе ім у праве лічыць сябе часткай беларускага народа.

Падзяліцца: