Мінск 16:47

“Лакафарба” і “Белшына” яшчэ два гады будуць прадаваць сваю прадукцыю ў рамках дзяржзакупак на бесканкурэнтнай аснове

Ілюстрацыйнае фота: сацсеткі ААТ "Белшына"

27 сакавіка, Позірк. Бесканкурэнтныя ўмовы для прадпрыемстваў “Лакафарба” (Ліда, Гродзенская вобласць) і “Белшына” (Бабруйск, Магілёўская вобласць) падоўжаныя на 2025–2026 гады, вынікае з пастановы Савета міністраў № 173 ад 25 сакавіка.

Згодна з дакументам, апублікаваным 27 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, дзяржаўныя закупкі фарбаў, лакаў і аналагічных пакрыццяў “Лакафарбы”, а таксама шын і новых гумавых камер “Белшыны” могуць праводзіцца “з прымяненнем працэдуры закупкі з адной крыніцы”.

Такія ж умовы дзейнічалі для гэтых прадпрыемстваў у 2023–2024 гадах.

“Лакафарба” ўваходзіць у дзяржаўны канцэрн “Белнафтахім”, у дачыненні да якога ўвосень 2021 года Злучаныя Штаты Амерыкі аднавілі санкцыі. Украіна таксама ўвяла санкцыі супраць канцэрна, а ў канцы студзеня 2023-га прымяніла абмежавальныя меры непасрэдна да “Лакафарбы“ і яшчэ 22 беларускіх арганізацый.

2 снежня 2021 года Еўрасаюз уключыў ААТ “Белшына” ў пяты пакет санкцый. 20 снежня таго ж года да абмежавальных мер ЕС далучылася Швейцарыя, 22 снежня — Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Сербія, Чарнагорыя, у сакавіку 2022-га — Японія, кастрычніку — Украіна.

9 жніўня 2021 года Андрэя Бунакова, які ў той час быў генеральным дырэктарам “Белшыны”, уключылі ў санкцыйныя спісы ЗША.

У сакавіку 2024 года суд Еўрасаюза ў Люксембургу па выніках разгляду іску “Белшыны” зняў санкцыі. У судовым рашэнні адзначалася: Савет Еўрасаюза як адказчык не змог даказаць, што прадпрыемства, што з’яўляецца адным з вядучых у Беларусі, служыць “істотнай крыніцай даходаў для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”.

Таксама, на думку судовага органа, недаказаным засталося сцвярджэнне, што беларуская дзяржава “наўпрост атрымлівае выгаду з даходаў прадпрыемства”.

У пастанове адзначалася, што на судзе ісцец прадставіў дакументы, якія сведчаць пра стратнасць завода.

Летась у кастрычніку беларускія журналісты-расследавальнікі заявілі, што “Белшына” пасля зняцця санкцый працягвае абслугоўваць расійскі ваенпрам.

Падзяліцца: