Мінск 01:06

Сетка Malanka падвышае тарыфы на зарадку электратранспарту праз год пасля папярэдніх зменаў

Архіўнае фота: сацсеткі аператара Malanka

28 сакавіка, Позірк. Сетка электразаправачных станцый Malanka з 1 красавіка падвышае тарыфы на зарадку электратранспарту.

Аператар сеткі адзначыў, што гэта звязана з павелічэннем у Беларусі цаны электраэнергіі на 11,9% — да 0,2412 рубля за кілават-гадзіну.

Ад пачатку наступнага месяца тарыфы складуць:

  • павольная зарадка — 0,46 руб/кВт·г (+7%);
  • хуткая зарадка — 0,61 руб/кВт·г (+8,9%);
  • рэзерваванне канектара (15 хвілін) — 2,1 руб (+5%).

Папярэдні раз тарыфы змяняліся 1 красавіка 2024 года.

Сетка Malanka налічвае 1.151 станцыю: у рэгіёнах — 720, Мінску — 431.

У 2024 годзе колькасць легкавых электрамабіляў вырасла ў 3,2 раза (з 6.413 да 20.745), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У Брэсцкай вобласці іх стала больш у 3,6 раза (з 503 да 1.791), Віцебскай — у 3,5 раза (з 303 да 1.062), Гомельскай — у 3,4 раза (з 408 да 1.404), Гродзенскай — у 2,8 раза (з 488 да 1.373), Мінскай — у 3,1 раза (з 1.488 да 4.558), Магілёўскай — у 3,7 раза (з 260 да 973), Мінску — у 3,2 раза (з 2.963 да 9.584).

Паводле даных прадпрыемства “Белтэхагляд”, летась было выдадзена 14.416 дазволаў на ўдзел электрамабіляў у дарожным руху (статыстыка за 2023 год не прыводзілася).

22 кастрычніка 2021 года Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду пашырыць выкарыстанне ў Беларусі электратранспарту, увязаўшы гэта з запускам Беларускай АЭС і тым, што “ўжо практычна ўсе краіны ідуць гэтым шляхам”. Месяцам пазней ён падпісаў указ аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў.

27 ліпеня 2022 года першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў па выніках нарады на заводзе “БелДжы” заявіў, што ў Беларусі да 2025 года “павінны максімальна засвоіць камплектную базу ўласнага электрааўтамабіля”.

Раней прадстаўнікі НАН неаднаразова заяўлялі пра намер стварыць айчынны электрамабіль. Прадстаўленыя пасля ўзоры мелі абмежаваную ступень лакалізацыі. Навукоўцы не раз заяўлялі пра складанасць арганізацыі поўнага цыкла вытворчасці электрамабіляў у Беларусі, у тым ліку праз спецыфікі вырабу батарэй, адсутнасць лініі па вытворчасці кузаваў ды інш.

Намеснік гендырэктара Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Аляксандр Бялевіч адзначыў сёлета 21 сакавіка ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”, што ўзор беларускага электрамабіля “нічым не саступае” бензінавай версіі.

“Пад капотам знаходзяцца камплектуючыя трох беларускіх заводаў, — сказаў ён. — У праекце ўдзельнічаюць “Магілёўліфтмаш”, наваполацкі “Вымяральнік”, “Першая акумулятарная кампанія”. У доследна-прамысловай партыі пяць аўто”.

Па выніках тэхніка-эканамічнай ацэнкі стаіць задача наладзіць серыйную вытворчасць.

“У ідэале [трэба] дамагчыся таго, каб беларускія электракары акупіліся. Пакуль жа гэта выставачныя экспанаты”, — падкрэсліў Бялевіч.

Падзяліцца: