Мінск 20:16

На палітвязня Дзядка, які мусіў выйсці на волю ў красавіку, распачалі новую справу

Архіўнае фота з тэлеграм-канала Mikola Dziadok

1 красавіка, Позірк. У дачыненні да 36-гадовага актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка ўзбуджаная новая крымінальная справа, паведамляе прысвечаны палітвязню тэлеграм-канал.

Мужчыну інкрымінаваны арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Дзядка, паводле інфармацыі рэсурсу, павінны былі вызваліць 4 красавіка (паводле даных праваабарончага цэнтру “Вясна” — 25 красавіка). Аднак праз новую крымінальную справу яго перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Калядзічах пад Мінскам.

10 лістапада 2021 года Мікалая Дзядка прыгаварылі да 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 1 арт. 2953 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў).

Актывіст не прызнаў віну ні па адным з выстаўленных абвінавачанняў.

Сілавікі затрымалі мужчыну 11 лістапада 2020 года ў пасёлку Сасновы пад Мінскам. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пры затрыманні яго моцна збілі, у твар распылілі пярцовы газ і сілай прымусілі зняцца на камеру для відэароліка, які пазней быў апублікаваны ў тэлеграм-канале МУС.

Падчас суда Дзядок распавядаў, што пасля затрымання яго прывезлі ў Мінск — у галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, дзе збівалі, выкарыстоўвалі электрашокер і пагражалі згвалтаваннем. Ад актывіста патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў.

Паводле звестак праваабаронцаў, суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці 28 чэрвеня 2022 года прыняў рашэнне “аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змяненні ўмоў рэжыму”, а менавіта на турэмны рэжым тэрмінам на 2 гады і 10 месяцаў.

На пачатку ліпеня 2022-га Дзядка перавялі з калоніі № 9 у гродзенскую турму № 1. Там яго сама меней чатыры разы змяшчалі ў штрафны ізалятар на тэрмін ад 7 дзён да 1,5 месяца.

Паводле наяўнай інфармацыі, ад самага пачатку зняволення на Дзядка ціснулі з мэтай перавесці яго ў нізкі сацыяльны статус, пазбаўлялі перапіскі.

Падзяліцца: