Мінск 20:16

У спіс забароненай у Беларусі літаратуры трапіла выданне пра палавое выхаванне і яшчэ 26 кніг

Ілюстрацыйнае фота: Alexander Grey / unsplash.com

1 красавіка, Позірк. Пералік забароненых да распаўсюду ў Беларусі друкаваных выданняў папоўніўся яшчэ 27 кнігамі, паведамляе Міністэрства інфармацыі.

У “спіс друкаваных выданняў, што ўтрымліваюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам” Беларусі, унеслі міжнародны бэстсэлер па тэме інтымнага выхавання “Давай паразмаўляем пра ГЭТА: пра дзяўчынак, хлопчыкаў, немаўлят, сям’ю і цела” Робі Харыс, а таксама “Жалезная заслона. Падаўленне Усходняй Еўропы (1946–1956)” Эн Эплбаўм (у рэдакцыі Мінінфарма Эн Аплбаўм).

У пераліку таксама фігуруюць кнігі “Нявінніцы-самазабойцы” Джэфры Яўгенідзіса, “Пакой Джавані” Джэймса Болдуіна, “Самотны мужчына” і “Бывай, Берлін” Крыстафера Ішэрвуда, “Дом на краі свету” Канінгема Майкла, “Арыстоцель і Дантэ адкрываюць таямніцы Сусвету” Бенджаміна Аліры Саэнса, “Тонкая праца” і “Аксамітныя кіпцікі” Сары Уотэрс, “Хопіць хлусіць” Філіпа Бясона, “Нябачныя фурыі сэрца” Джона Бойна, “Сара” Дж. Т. Лярой, “Мы ўмелі верыць” Рэбекі Маккай, “Добра быць ціхоняй” Стывена Чбоскі, “Карміла” Джозафа Шэрыдана Ле Фаню, “Дзеці з камеры захоўвання” Ру Муракамі, “Мядзведжы кут”, “Мы супраць вас”, “Пасля буры” Фрэдрыка Бакмана, “Лісіная нара”, “Кароль крумкачоў”, “Світа караля” Норы Сакавіч, “Воблачны атлас” Дэвіда Мітчала, серыя кніг “Фехтавальшчыкі” К. С. Пакат, “Выцерты хлопчык” Гарарда Конлі, “Дылема таго, хто выжыў” Крысціны Двайных.

Большасць з гэтых кніг з’яўляюцца прызнанымі ў сваім жанры. Напрыклад, амерыкана-брытанска-польская журналістка і пісьменніца Эн Эплбаўм (жонка міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага, бацькі якой з’яўляюцца выхадцамі з Беларусі) за ўключанае ў спіс даследаванне жыцця ва Усходняй Еўропе пасля Другой сусветнай вайны атрымала “Кніжную прэмію Дзюка Пола” (2013), а таксама стала фіналісткай Пулітцэраўскай прэміі. Адметна, што раней у спіс уключылі яе працу “ГУЛАГ”, а прозвішча пісьменніцы ў спісе на сайце Мінінфарма напісанае па-рознаму.

Кніга брытанца Мітчала “Воблачны атлас” з’яўляецца бэстсэлерам, была ў фінальным спісе Букераўскай прэміі.

Шведскі пісьменнік Бакман, кнігі якога ўвайшлі ў спіс, з’яўляецца аўтарам рамана “Другое жыццё Увэ”. Гэта мінімум двойчы экранізаваны і вельмі папулярны твор.

Цяпер у спісе забароненых кніг 92 пазіцыі.

Да “шкодных” Мінінфарм адносіць “друкаваныя выданні, якія скажаюць гістарычную праўду і справядлівасць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя стасункі, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, якія распальваюць варожасць і нянавісць, папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры, а таксама выданні пра палавое выхаванне дзяцей, здольныя ўчыніць негатыўны ўплыў на іх фізічнае і псіхічнае развіццё, сказіць уяўленне пра сапраўдныя сямейныя каштоўнасці”.

Ведамства папярэджвае, што “ў выпадку выяўлення фактаў распаўсюду друкаваных выданняў, уключаных у вышэйназваны спіс, Міністэрства інфармацыі ў адпаведнасці з абзацам трынаццатым пункта 2 артыкула 33 закона Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2012 г. № 8-З “Аб выдавецкай справе” будзе спыняць тэрмін дзеяння пасведчання”.

Мастацкая і гістарычная літаратура ўвесь час папаўняе “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які таксама вядзе Міністэрства інфармацыі.

Падзяліцца: