Мінск 21:33

Праблемы з лагістыкай і цэны на рынках вымусілі БМЗ зменшыць аб’ём працы

Ілюстрацыйнае фота: сайт БМЗ

25 красавіка, Позірк. Беларускі металургічны завод (БМЗ) сёння працуе “на ўзроўні 90% да мінулага года”, паведаміў намеснік гендырэктара прадпрыемства па тэхнічным развіцці — галоўны інжынер Мікалай Анэлькін на сустрэчы з работнікамі электрасталеплавільнага цэха № 1.

“Такі выбар дыктуе нам сітуацыя, што складваецца: складанасці з лагістычнымі ланцужкамі і цэнаўтварэнне на рынках. Выгадней працаваць з меншымі аб’ёмамі, чым мець рызыку спрацаваць у страту”, — цытуе топ-менеджара прэс-служба БМЗ.

Анэлькін заявіў, што прадпрыемству выгадна атрымліваць металалом з Беларусі. “А вось тая частка металалому, якую мы закупляем у розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі, для нас абыходзіцца даражэй, — канстатаваў ён. — Санкцыі, СВА (“спецыяльнай ваеннай аперацыяй” беларускія і расійскія ўлады называюць развязаную РФ вайну супраць Украіны. — “Позірк”.), забарона праезду да Балтыйскага мора — усё гэта павялічвае выдаткі на транспартаванне”.

На гэтым фоне кіраўніцтва БМЗ, паводле яго слоў, імкнецца “прымаць аптымальныя рашэнні, каб забяспечыць усімі неабходнымі матэрыяламі, у першую чаргу, сталеплавільную вытворчасць”, якая “наўпрост залежыць ад паставак металалому”. Больш за ўсё, паведаміў Анэлькін, сёння загружаная пракатная вытворчасць, “цяжэй з загрузкай сталедрацяных цэхаў”.

Пры ўсіх праблемах, падкрэсліў спікер, прадпрыемства не скарачае персанал.

Сёлета ў студзені аб’яднанне былых сілавікоў BelPol назвала БМЗ адным са звёнаў у ланцужку масавай вытворчасці ў Беларусі снарадаў для расійскага войска.

Прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, ЗША, Украіны ды іншых краін.

Падзяліцца: