Мінск 00:51

Пуцін прапанаваў Лукашэнку стварыць сумесную вытворчасць БПЛА і “адпаведную лабараторыю па беспілоцці”

Ілюстрацыйнае фота: Генеральная пракуратура

29 красавіка, Позірк. Аб неабходнасці “далейшага пашырэння прамысловай кааперацыі паміж краінамі, у тым ліку за кошт сумеснай працы ў сферы авіябудавання і стварэння беспілотных лятальных апаратаў”, заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 29 красавіка ў Валгаградзе.

“Хачу вам расказаць, якія ёсць прапановы, — цытуе Пуціна прэс-служба Крамля. — Мы гатовыя ўжо закласці завод разам з вашымі спецыялістамі і адпаведную лабараторыю па беспілоцці”.

Паводле слоў прэзідэнта РФ, гэты праект вельмі важны “перш за ўсё для эканомікі, лагістыкі”.

“У нас ёсць дамоўленасці па авіябудаванні. Вам удалося захаваць частку авіяцыйнай прамысловасці. Тут ёсць таксама над чым працаваць. І невялікі самалёцік, і кааперацыя па сярэднемагістральных самалётах. Таксама па іншых напрамках пагаворым. Урады працуюць над гэтымі пытаннямі пастаянна, мы з вамі ў курсе, пра што калегі дамаўляюцца”, — сказаў Пуцін.

Пра тое, што Расія прапанавала стварыць у Беларусі “завод па вытворчасці беспілотных авіяцыйных сістэм з магутнасцю да 100 тыс. адзінак штогод”, паведамлялася 6 сакавіка. Прапанова паступіла ў Мінску падчас візіту Лукашэнкі на выставу расійскіх беспілотных авіяцыйных сістэм “Дэманстрацыя рашэнняў галіны БАС”.

З расійскага боку яго суправаджалі намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Максім Арэшкін, спецпрадстаўнік Пуціна ў пытаннях лічбавага і тэхналагічнага развіцця Дзмітрый Пяскоў, з “перспектывамі выкарыстання беспілотных сістэм у розных сферах” Лукашэнку азнаёміў генеральны дырэктар ТАА “Транспарт будучыні”, старшыня цэнтра кампетэнцый “Беспілотныя авіяцыйныя сістэмы” Юрый Казарэнка.

Як паведамлялася, Лукашэнка падтрымаў прапанову РФ наладзіць у Беларусі вытворчасць беспілотнікаў. “Мы гатовыя пабудаваць завод, — сказаў ён. — Гарантуем: так у Расіі вы не пабудуеце, як тут”.

4 сакавіка, звяртаючыся да новапрызначанага намесніка прэм’ер-міністра Віктара Каранкевіча, які курыруе прамысловы сектар, Лукашэнка звярнуў яго ўвагу на рост попыту на БПЛА і боепрыпасы.

24 верасня 2024 года на нарадзе з вайскоўцамі на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Брэсцкая вобласць) Лукашэнка заявіў пра неабходнасць рыхтавацца да вайны. Беспілотную авіяцыю пры гэтым ён назваў “сур’ёзнай навінкай”.

29 верасня намеснік дырэктара па вучэбнай працы ДТСААФ Сяргей Петрусёў паведаміў, што ў 2026 годзе ў ДТСААФ (Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту) плануюць рыхтаваць аператараў БПЛА для сілавых структур.

7 кастрычніка на арганізаванай Міністэрствам абароны нарадзе з рэктарамі ўстаноў вышэйшай адукацыі абмяркоўвалася падрыхтоўка аператараў беспілотных лятальных апаратаў, у тым ліку стварэнне спецыялізаванай кафедры ў Ваеннай акадэміі.

15 лістапада начальнік упраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных сіл Міхаіл Бранскі сцвярджаў, што ў Беларусі “паспяхова вырашылі праблему з ударнымі БПЛА”. Паводле яго слоў, у 2024 годзе Узброеныя сілы “шчыльна працавалі” з прадпрыемствамі Дзяржкамваенпрама, значная колькасць узораў, якія распрацоўваюцца па заказе войска беларускімі прадпрыемствамі, “ужо прынятая на ўзбраенне”.

Паведамлялася, што па выніках праведзеных выпрабаванняў у 2025 годзе УС будуць мець “шырокую лінейку ўдарных беспілотнікаў”: “Чэкан-В” з дальнасцю палёту да 30 кіламетраў, “Міратворац” і іншыя распрацоўкі.

Падзяліцца: