Мінск 01:29

ЕC заклікаў вызваліць Кульшу і ўсіх палітвязняў

1 траўня, Позірк. Еўрапейскі саюз заклікае беларускія ўлады вызваліць Вікторыю Кульшу, “палітвязню, чый утрыманне пад вартай шматкроць падаўжаўся з 2020 года”, напісала ў сацсетцы X 1 мая прэс-сакратар па замежных справах і палітыцы бяспекі ЕС Аніта Хіпер.

У папраўчай калоніі яе здароўе сур’ёзна пагоршылася, дадала Хіпер.

“Усе палітвязні павінны быць вызваленыя”, — гаворыцца ў рэлізе.

Аналагічная заява ад імя Хіпер размешчана ў акаўнце прадстаўніцтва ЕС у Беларусі ў “Фэйсбуку”.

Заклік “зрабіць усё магчымае для выратавання” Кульшы ўтрымліваецца ў звароце экс-палітвязні Паліны Шарэнда-Панасюк да “беларускай і міжнароднай супольнасці, палітыкаў, дыпламатаў, дэпутатаў, журналістаў”, апублікаванай напярэдадні ў сацсетках яе мужам.

Тэрмін зняволення Кульшы заканчваўся 6 красавіка, аднак на волю яна так і не выйшла — у дачыненні да жанчыны распачалі новую — ужо чацвёртую — справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) і перавялі ў гомельскі следчы ізалятар № 3.

Жанчына адчувае сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Кульша знаходзіцца ў няволі з 4 лістапада 2020 года. Па выніках некалькіх судоў прыгаворана да 4,5 года зняволення паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і 411 КК.

Да затрымання палітвязня працавала інжынерам па ахове працы. Паводле адукацыі яна юрыст, таксама скончыла курсы па манікюры і масажы. Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, была адміністратарам чата “Водители 97%”, які заклікаў вадзіцеляў перакрываць вуліцы ў знак пратэсту пасля выбараў 2020 года.

Падзяліцца: