Мінск 23:50

Журналісты працягваюць зазнаваць пагрозы, фактычна не маючы механізмаў абароны правоў — намеснік кіраўніка БАЖ

Фота: "Позірк"

2 траўня, Позірк. Беларускія журналісты ўнутры краіны і па-за яе межамі працягваюць зазнаваць пагрозы, заявіў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), юрыст Алег Агееў 2 траўня ў Вільнюсе на форуме “Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ”.

Сустрэча арганізаваная БАЖ, Літоўскім саюзам журналістаў і Саветам Еўропы.

Кажучы пра сітуацыю ўнутры краіны, Агееў канстатаваў, што, “паводле колькасці зафіксаваных фактаў, асноўная пагроза — адвольнае затрымаенне”, якое, “хутчэй за ўсё, цягне за сабой верагоднасць катаванняў”.

“Прычым гэта катаванні як [у выглядзе] стварэння [асаблівых] умоў адбыцця зняволення, так і фактычны гвалт падчас затрымання, знаходжання за кратамі, — паведаміў намеснік кіраўніка БАЖ. — Калі казаць пра ўмовы ўтрымання, то раз-пораз да нас даходзіць інфармацыя, што рэжым у Беларусі прымяняе рэжым інкамунікада ў дачыненні да тых, хто знаходзіцца ў зняволенні. З некаторымі год-паўтара няма сувязі, нават лісты ад сваякоў не даходзяць”.

Паводле слоў Агеева, уключэнне ўладамі журналістаў падчас зняволення ў спісы — “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў” — “яшчэ больш ускладняе рэжым адбыцця адміністрацыйнага арышта ці крымінальнага пакарання”.

“Усё гэта становіцца магчыма, таму што парушаецца права на справядлівы суд, — падкрэсліў ён. — Тыя працэсы, якія адбываюцца над нашымі калегамі, заслугоўваюць крытыкі праз тое, што сама працэдура асуджэння — ці то да крымінальнага тэрміна, ці да адміністрацыйнага арышта, ці да буйнога штрафа — не суправаджаюцца нармальным судовым працэсам”.

“Калі вы журналіст у Беларусі, то, хутчэй за ўсё, да вас раз на год (да некаторых часцей) прыйдуць з вобшукам, выклічуць на допыт, дзе з вамі будуць праводзіць так званыя “гутаркі”, як яны іх называюць. Адпаведна, [чыніцца] ціск на вашых сваякоў, сустрэчы з блізкімі, апытанне ўвесь час суседзяў — гэта паўсядзённасць журналістаў, якія засталіся ўнутры краіны”, — канстатаваў спікер.

Паўтарыўшы, што “падчас зняволення амаль усіх уносяць у “спісы экстрэмістаў” і “спісы тэрарыстаў”, Агееў падкрэсліў, што адпаведны статус замінае тым, хто вызваліўся, “весці нармальнае жыццё ў краіне”. “Вялікія забароны па выкарыстанні рахункаў, заўсёды гэтыя “гутаркі”, выклікі на “суразмоўі”, рэжым нагляду за ўсімі, хто вызваляецца. Такая сучаснасць у Беларусі для нашых калег”, — патлумачыў ён.

Нават пасля выезду з Беларусі для журналістаў захоўваецца рызыка. Асноўная форма ціска для тых, хто выехаў, паводле слоў Агеева, — завочныя крымінальныя справы. “Завочная крымінальная справа цягне за сабой, як правіла, абвяшчэнне ў міжнародны вышук, — нагадаў намеснік старшыні БАЖ. — Гэта арышт маёмасці, у тым ліку нерухомай, унутры краіны. І гэта па-ранейшаму ціск на сваякоў, сяброў, знаёмых”.

“Фіксуюцца факты вербовак. Беларускія спецслужбы спрабуюць вербаваць журналістаў (у тым ліку тых, хто выехаў) пры дапамозе розных [метадаў] дыстанцыйнага ўплыву — праз пагрозы — узбуджэння крымінальных спраў, вобшукаў, затрымання сваякоў; ціск. З такой рэчаіснасцю сутыкаюцца журналісты, якія выехалі і працягваюць працаваць у медыя”, — дадаў ён.

Рэдакцыі таксама ёсць “суб’ектамі, якія зазнаюць ціск”. У Беларусі, паводле слоў Агеева, “амаль не засталося рэдакцый недзяржаўных [СМІ], якія б мелі грамадска-палітычны кантэнт”. Больш за 40 рэдакцый сёння “прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі, што цягне за сабой крымінальную адказнасць”.

“Вось у такіх умовах працуюць беларускія медыя. Такая рэчаіснасць абцяжарваецца тым, што унутры краіны фактычна адсутнічаюць эфектыўныя механізмы абароны правоў. Здавалася, суды, пракуратура — гэта органы, якія можна было б прыцягваць да таго, каб бараніць правы журналістаў, але яны даўно ператварыліся ў часткі ланцугу рэпрэсій. <…> Бараніць правы, якія парушаюцца, магчымасці амаль не застаецца”, — канстатаваў Агееў, нагадаўшы, што асноўныя міжнародныя інструменты абароны для грамадзян Беларусі таксама недасяжныя.

“Змагацца з гэтым мы можам, у тым ліку дэманструя салідарнасць, увесь час ажыццяўляючы ціск і патрабуючы вызваліць нашых калег, дэманструючы, што мы не забываем тых, хто з палітычна матываваных прычын знаходзіцца ў зняволенні толькі за тое, што працаваў журналістам”, — заявіў Агееў.

Паводле даных БАЖ, цяпер у Беларусі за кратамі 40 супрацоўнікаў медыя.

Падзяліцца: